Юлія Хвошч, Sputnik
Фестываль пройдзе на тэрыторыі музейнага комплекса старадаўніх і народных рамёстваў "Дудуткі" 20 і 21 чэрвеня.
На працягу двух дзён прадстаўнікі музычных калектываў, этнаграфічных таварыстваў, студэнты і выкладчыкі Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта Культуры і Мастацтваў, прадстаўнікі дзяржаўных і прыватных этнаграфічных музеяў Рэспублікі Беларусь змогуць абмяняцца досведам, напрацоўкамі ў галіне даследвання абрадаў і традыцый, народнай культуры продкаў у рамках мерапрыемстваў этна-канферэнцыі-фэсту "Купальскае Кола 2015".
Канцэпцыя фестываля
Галоўнае адрозненне правядзення "Купальскага кола" сёлета — гэта тое, што ён будзе прахадзіць на адкрытым паветры і ў арганізатараў з'явілася магчымасць не толькі зладзіць вялікі канцэрт з выступам знакамітых метал-гуртоў Беларусі, як гэта было раней, але і зрабіць спробу рэамінаваць Купальскае свята, паказаць як яго святкавалі нашыя продкі, перадаць усю прыгажосць абрадаў.
"Мэта фестывалю не ў тым, каб зладзіць рок-канцэрт, выпіць і спаліць шыны ад машыны. Мы хацім паказаць наведвальнікам і зацікаўленым, як нашыя продкі адзначалі гэтае свята", — сказаў Таболіч.
Арганізатарамі быў абраны музейны комплекс "Дудуткі" таму, што там ёсць рэчка, па якой можна пусціць вянкі і дзе можна купацца, месца, дзе можна зрабіць вогнішча і правесці абрады, лес, у якім трэба будзе знайсці папараць-кветку і атрымаць за гэта падарункі. У "Дудутках" прысутнічае дух сапраўднай вёскі, што зробіць атмасферу святкавання па-сапраўднаму беларускай.
"У прынцыпе будзе цікава. Таму што фестывалю прысвечаны два дні, да яшчэ і з элементамі рэанімацыі Купалля — такога яшчэ не было. Там будзе шмат людзей, якія будуць удзельнічаць, вадзіць карагоды, спяваць адпаведныя песні. Гэта будзе маштабнае культурніцкае мерапрыемства, якое адлюстроўвае святкаванне Купалля нашымі продкамі", — распавёў Таболіч.
Святкаванне
Усё мерапрыемства будзе падзелена на разнапланавыя блокі. Першы і асноўны блок — музычны. На працягу двух дзён больш за 30 калектываў будуць выступаць амаль нон-стопам.
Другі блок звязаны з рамеснымі вырабамі, вышыванкамі, сувенірамі і адмысловым мэрчэм.
Трэці блок — так званы дзіцячы, які ўключае актыўныя гульні, "спартовыя фішкі", спаборніцтвы як для дзяцей, так і для дарослых. Усе ахвочыя змогуць прыняць удзел у веламарафоне.
Галоуны блок — абрадавы. Уноч з 20-га на 21-е чэрвеня наведвальнікі фестываля будуць вадзіць карагоды вакол вогнішча, прыгаць праз попел, шукаць папараць-кветку.
"Ну і самае галоунае — гэта само Купалле. Мы будзем рэанімаваць свята. Яно само па сабе павинна быць традыцыйным, але у нас больш падобна на масавую імправізацыю", — распавёў Таболіч.
"3 купальскай ноччу на Беларусі звязаны самыя неверагодныя ўяўленні аб актывізацыі рознай "нечысці" — чарцей, пярэваратняў і, што асабліва характэрна для беларускай міфалогіі, — ведзьмаў. Шматлікія паданні беларускай зямлі звязаны таксама з папараць-кветкаю, якая зацвітае апоўначы на Купалле. Той, хто яе мог адшукаць і сарваць, станавіўся самым багатым чалавекам і набываў незвычайныя здольнасці, напрыклад пачынаў разумець мову раслін і жывёл", — распавялі арганізатары мерапрыемства.
Будзе мець месца і навуковы блок. Вядомыя навукоўцы і этнографы будуць чытаць лекцыі, праводзіць семінары, расказваць пра старадаўнія традыцыі Купалля і пра тое Купалле, якое існуе зараз, праводзіць паралелі.
На тэрыторыі правядзення мерапрыемства будзе зладжаны наметавы лагер для гледачоў. Ён будзе працаваць з 12.00 20 чэрвеня да 17.00 21 чэрвеня.
Лакацыі фестываля
Падчас правядзення фестываля на тэрыторыі комплекса "Дудуткі" будзе працаваць больш 10 разнапланавых пляцовак, дзе адпачываючыя змогуць актыўна адпачыць, набыць сувеніры, наведаць майстар-класы па старажытным беларускім рамёствам, адведаць беларускай нацыянальнай кухні:
- канцэртная пляцоўка. Музычныя калектывы folk / folk-rock / pagan і сумежных кірункаў. Жывы гук;
- кірмаш: вырабы традыцыйных рамесных майстэрняў ручной працы, посуд, адзенне, упрыгожванні, вырабы з лёну і г.д;
- актыўная пляцоўка: футбол, валейбол, правядзенне традыцыйных купальскіх гульняў;
- горад майстроў: кузня, ганчарная майстэрня, саломапляценне, абрадавая лялька, ткацтва і г.д;
- этна-пляцоўка: аднаўленне традыцыйных абрадаў святкавання Купалля, варожбы, пляценне і запуск вянкоў па вадзе, купальскія вогнішчы і г.д.
- карчма: стравы традыцыйнай беларускай кухні, кулінарныя майстар-класы;
- навуковая пляцоўка —канферэнцыі, семінары, круглыя сталы;
- фота-выстава.
Папсы не будзе
Таболіч адразу дакладна адзначыў: "Папсы не будзе". Лайн-ап мерапрыемства складаюць толькі прадстаўнікі айчыннай і замежнай folk, folk-rock і pagan-metal сцэны.
На дадзены момант у спіс музычных удзельнікаў фестываля заяўлена больш за 30 гуртоў з Беларусі і замежжа. Сярод іх аўтэнтычныя калектывы ("Мярэжа", "Рутвіца", "Ягорава гара"), прадстаўнікі мадэрновага року, прадстаўнікі pagan-metal сцэны — Gods Tower, беларускі англамоўны метал-гурт з Гомеля, які амаль два гады не выступаў на Беларусі.
Хэдлайнерам заяўлены польскі гурт Vader, які адносіцца да плеяды "олдскульных" металічных гуртоў (калектыў заснаваны ў 1983 годзе) і лічыцца асновай польскай метал-сцэны.
"Я думаю, што спалучэнне фолку и метала — гэта и ёсць у нейким сэнсе сакральныя паняцці, таму што такое можна пабачыць не кожны дзень. Выпіць чарачку на "пасашок" і адведаць беларускай кухні можна і ў іншы дзень,а тут сапрауды абрадавыя і сакральныя рэчы. І яшчэ метал-музыка. Гэта не для кожнага слухача".
Падрабязны спіс удзельнікаў і час іх выступлення можна паглядзець на афіцыйным сайце мерапрыемства.
Як дабрацца
З аўтавакзала "Усходні" будзе курсаваць рэйсавы аўтобус "Усходні-Дудуткі" — 9:40-11:05, 12:55-14:15, 16:10-17:30.
20-га і 21-га чэрвеня будуць арганізаваны дадатковыя аўтобусныя рэйсы з Мінска.