Як стаць валанцёрам у Італіі

© Sputnik / Евгений АнисимовКраявіды Італіі
Краявіды Італіі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Апынуцца ў новым асяродку, убачыць, як жывуць італьянскія сем'і, павандраваць і вывучыць мову – усё гэта магчыма для беларусаў-валанцёраў, якія накіруюцца ў Італію.

Аляксандра Грэчка, Sputnik

На вечарыне "Італія-паці" сабралі людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да Італіі: вучыліся, валанцёрылі ці працавалі там — і гатовыя падзяліцца сваім досведам з іншымі. Адна з іх — Юлія Люляк, якая летась правяла 11 месяцаў у Рыме па праграме Еўрапейскай валанцёрскай службы.

"Я працавала ў арганізацыі Servizio civile internazionale: дапамагала арганізатарам валанцёрскіх праектаў, была адказная за валанцёрскія летнікі ў Італіі. Я лічу, што гэтым досведам важна дзяліцца з іншымі, бо такія магчымасці — валанцёрства, жыцця ў новай краіне — неабходныя беларускай моладзі, а многія пра іх проста не ведаюць", — расказала Люляк.

Існуе некалькі праграм, паводле якіх грамадзянам Беларусі можна стаць міжнароднымі валанцёрамі:

  • EVS (European Voluntary Service);
  • LTV (Long Term Volunteering);
  • Валанцёрскія летнікі (Voluntary camps);
  • Workaway

EVS (European Voluntary Service)

EVS падтрымлівае ўдзел маладых валанцёраў у розных відах некамерцыйнай грамадскай карыснай дзейнасці ў краінах, якія не з'яўляюцца краінамі пражывання валанцёраў. Такі праект можна рэалізаваць толькі адзін раз у жыцці, калі вам ад 18 да 30 гадоў, і толькі ў краіне Еўрапейскага Саюза.

Узрост удзельнікаў:

18-30 гадоў

Тэрмін праграмы:

2 тыдні — 1 год

Забяспечваецца:

кампенсацыя выдаткаў на дарогу да EVS лакацыіі назад, пражыванне, харчаванне, страхоўка, кішэнныя грошы, моўныя курсы

Як знайсці праект:

  • праз беларускае моладзевае грамадскае аб'яднанне New Faces;
  • праз грамадскую арганізацыю "Моладзевы адукацыйны цэнтр "Фиальта";
  • праз прыватную асветніцкую ўстанову "Офіс прасоўвання ініцыятыў";
  • праз рэспубліканскую моладзевую грамадскую арганізацыю "Ліга добраахвотнай працы моладзі".

LTV (Long Term Volunteering)

LTV — гэта праграма абмену валанцёраў паміж галінамі Service Civil International (ці арганізацыямі-партнёрамі) працягласцю больш за месяц. Яна адкрыта для любога валанцёра без абмежавання ўзросту.

Узрост удзельнікаў:

абмежаванняў няма (але мінімум — 18 гадоў)

Тэрмін праграмы:

1 месяц —1 год

Звычайна забяспечваецца:

базавая страхоўка.

Выдаткі валанцёра:

1) унёсак у мясцовую арганізацыю SCI (картка сябра арганізацыі + плата за апрацоўку аплікацыі);

2) плата за праезд да лакацыі LTV і назад;

3) магчымы ўнёсак у hosting organization (у залежнасці ад праекта).

Як знайсці праект:

  • У базе доўгатэрміновых валанцёрскіх праектаў арганізацыі Service Civil International;
  • праз мясцовую аргазізацыю SCI —SCI Belarus.

Валанцёрскія летнікі (Voluntary camps)

Валанцёрскі летнік — гэта сацыяльны праект, працягласцю ў 2-4 тыдні. Прымаюць максімум двух валанцёраў з адной краіны. Гэта трэба для таго, каб валанцёры мелі магчымасць практыкаваць мову (англійскую альбо мову краіны).

Праца ў валанцёрскім лагеры можа быць рознай, адзіная ўмова — сацыяльная накіраванасць. Самыя распаўсюджаныя гэта рэстаўрацыйныя і экалагічныя праекты, бываюць праекты з дзецьмі, людзьмі з інваліднасцю, культурныя, фестывальныя, археалагічныя, гістарычныя і іншыя.

Праца — важная частка лагера, але трэба дакладна разумець розніцу паміж валанцёрствам і турыстычнай паездкай. Удзельнікі таксама павінны разумець каштоўнасць сваёй працы: гэта не «плата» за пражыванне і таннае падарожжа, а каштоўны ўклад у жыццё іншых людзей.

Як знайсці праект:

  • у базе кароткатэрміновых валанцёрскіх праектаў арганізацыі Service Civil International;
  • на сайце Лігі добраахвотнай працы моладзі.

Workaway.info

Гэта міжнародны валанцёрскі праект, які спрыяе культурнаму абмену паміж бюджэтнымі падарожнікамі, якія вывучаюць мовы і цікавяцца іншымі культурамі, звычайнымі людзьмі, сем'ямі і арганізацыямі. Валанцёр працуе ад 2 да 5 гадзін на дзень у абмен на ежу, жыллё і магчымасць адчуць на сабе лад жыцця ў іншай краіне.

У базе праекта — 15 000 хостаў у больш чым 130 краінах свету. У Італіі можна знайсці валанцёрскія праекты ва ўсіх рэгіёнах, апроч Малізэ. Больш за ўсё іх прадстаўлена ў Таскане, манш за ўсё — ў Вале-д'Аоста і Трэнціна-Альта-Адыджэ.

Сферы, у якіх можна валанцёрыць:

— садоўніцтва;

— прыгатаванне ежы і пакупка прадуктаў;

— праца з турыстамі;

— дагляд за дзецьмі;

— праца на ферме;

— будаўніцтва;

— выкладанне;

— моўная практыка;

— экалагічныя і дабрачынныя праекты;

— тэхнічная падтрымка;

Варта памятаць:

  • віза і дарога аплочваюцца валанцёрам;
  • праца не аплочваецца;
  • бяспека сайта будуецца на водгуках;
  • звязвацца з хастамі лепш загадзя і абмяркоўваць дэталі пражывання.

Таксама можна паехаць у Італію ў якасці суправаджальніка групы дзяцей.

Што для гэтага трэба:

— дасягнуць ўзросту 21 года;

— валодаць італьянскай мовай на дастатковым узроўні;

— з'яўляцца педагогам, каб быць не проста перакладчыкам, але і суправаджальнікам (у такіх людзей больш шанцаў паехаць у Італію);

— выбраць дабрачынную арганізацыю;

— пачаць супрацоўнічаць з абранай арганізацыяй;

— падрыхтаваць дакументы для групы дзяцей.

Часцей за ўсё паездкі прыпадаюць на лета — пачатак верасня, на зімовыя вакацыі або Вялікдзень. Віза выдаецца бясплатна на дадзены перыяд. Суправаджальнікі могуць жыць асобна ў кватэры ці доме альбо з якой-небудзь італьянскай сям'ёй пад адным дахам. Італьянскі прымаючы бок дае ім грошы на ежу, а таксама свайго роду заробак.

Нюансы, якія варта ведаць

— вы павінны несці адказнасць за дзяцей (не варта ўспрымаць вопыт суправаджэння дзяцей як суцэльны адпачынак);

— вам у любы момант могуць патэлефанаваць і папрасіць аб дапамозе (калі нешта здараецца з дзіцем, яго раптам трэба адвезці да лекара — вы павінны быць побач у гэты момант);

— прыйдзецца займацца падрыхтоўкай дакументаў, мець зносіны з бацькамі, апекунамі, хадзіць не раз у амбасаду;

— варта ўлічваць, што вы можаце патрапіць як у вялікі горад, так і маленькі, дзе не будзе шмат забаў;

— шмат у чым камфортнасць вашага знаходжання ў Італіі будзе залежаць ад кіраўніцтва на месцы, ад таго, якія адносіны ў вас складуцца, як яны вам будуць давяраць.

Але ў любым выпадку — вопыт валанцёрства дае вам поўнае апусканне ў новы асяродак, хуткае знікненне моўных бар'ераў, магчымасць убачыць, як жывуць італьянскія сем'і. Гэта таксама шанец павандраваць і цалкам вывучыць той рэгіён, у якім будзеце жыць.

Зладзілі імпрэзу "Італія-паці" стваральнікі праекта Adukacyja.info разам з клубам "Pugliesi nel Mondo" i суполкай "Minsk parla italiano". Гэта не першая культурна-асветніцкая вечарына, якую праводзіць Adukacyja.info: нядаўна ў межах праекта "Веды-паці" праходзіла імпрэза, прысвечаная культуры Швецыі. Плануюць ладзіць такія мерапрыемствы і далей.

Стужка навiн
0