МІНСК, 25 чэр — Sputnik. Жаночая зборная па баскетболе выйшла ў паўфінал чэмпіянату Еўропы-2015, абыграўшы каманду Літвы з лікам 66:68.
Каманда Анатоля Буяльскага, як і ў папярэдніх матчах турніру, пачала паядынак даволі ўпэўнена. Першыя дзве чвэрці засталіся за беларускай зборнай — 10:16, 09:17. Затым літоўкі у трэцяй 10-хвілінку сабраліся і змаглі скараціць адставанне. Самыя драматычныя падзеі, у звыклым для беларусак стылі, адбыліся за хвіліну да фінальнай сірэны. Пры ліку 68:63 на карысць каманды Буяльскага беларускі маглі павялічыць свой адрыў, аднак Таццяна Ліхтаровіч не рэалізавала штрафныя. Выкарыстала літоўская зборная — за некалькі імгненняў да сірэны суперніцы закінулі трохачковы. За паўтары секунды да канца памылілася Кацярына Сныціна, пасля перадачы якой мяч сышоў у аўт — апошняя атака засталася за літоўкамі. Аднак яны змаглі, на шчасце для беларусак, вызначыцца.
"Мы вельмі рады! Невымоўныя эмоцыі! Гэта супер!!", — сказала пасля матчу Анастасія Верамеенка, на рахунку якой у гэтым матчы 15 ачкоў і дзевяць удалых падборам.
Беларуска адзначыла, што перамагчы ім атрымалася шмат у чым дзякуючы таму, што яны гулялі як каманда.
"Думаю, нам удалося сабрацца. Пасля ўсіх гэтых паражэнняў трэба было неяк выкарабквацца з ямы. Важна, што сёння мы гулялі менавіта як каманда. Кожны змагаўся адзін за аднаго: і ў нападзе, і ў абароне. На пляцоўцы ўсе былі адзіным цэлым", — прыводзіць словы баскетбалісткі афіцыйны сайт Беларускай федэрацыі баскетбола.
Перамога зборнай Беларусі дазволіла камандзе патрапіць на алімпійскую кваліфікацыю, якая пройдзе ў чэрвені 2016 года. Пераможца ж ЧЕ-2015 паедзе ў Рыа на Гульні напрамую. На мінулым чэмпіянаце Еўропы ў Францыі-2013 перамогу святкавалі іспанскія баскетбалісткі, якія здолелі перайграць ў фінале гаспадынь турніру — 70:69.
"Бронза" дасталася камандзе Турцыі, якая выйграла ў матчы за 3-е месца зборную Сербіі з лікам 92:71. Лепшым вынікам беларускай зборнай на кантынентальным першынстве стала трэцяе месца на Еўра-2007 у Італіі (той чэмпіянат стаў дэбютным для Беларусі). Праз два гады ў Латвіі беларускі спыніліся за крок ад п'едэстала. У Польшчы-2011 беларуская каманда не змагла прабіцца ў плэй-оф, а на мінулым першынстве Старога Свету выбыла ў чвэрцьфінале пасля паразы ад турчанак.