Вілейка адзначыла 555-годдзе

© SputnikВілейка. Крыжаўзвіжанскі касцёл.
Вілейка. Крыжаўзвіжанскі касцёл. - Sputnik Беларусь
Падпісацца
На беразе ракі ў “Ніжнім парку” змагаліся рыцары, інквізітары палілі вядзьмарку, увечары гучала рок-музыка з этнічным ухілам.
МІНСК, 6 ліп — Sputnik. Два дні ў Вілейцы праходзіў фестываль "Гонару продкаў 2015", прымеркаваны да юбілея са дня заснавання горада. На мерапрыемства з'ехаліся байцы з 30 рыцарскіх клубаў Беларусі, шэраг музычных калектываў.
Цягам дня пад спякотай у жалезнай амуніцыі змагаліся крыжаносцы, тампліеры, вікінгі, рыцары Вялікага княства Літоўскага. У перапынках паміж спаборніцтвамі наведвальнікі фестываля маглі пабачыць сапраўдны беларускі батлеечны тэатр, рытуал спалення вядзьмаркі, фаер-шоу і паслухаць лепшыя беларускія этна-калектывы.
"Мы вырашылі зрабіць гэты фэст і прымеркаваць яго да юбілея горада Вілейка і аддаць даніну павагі нашым продкам, якія змагаліся за свабоду і незалежнасць нашай Бацькаўшчыны, і таму фестываль атрымаў менавіта такую назву", — распавёў карэспандэнту Sputnik Андрэй Арлоўскі, кіраўнік вілейскага ваярскага гістарычнага клуба "Паходня", арганізатар і ідыёлаг мерапрыемства.
Арлоўскі кіруе "Паходняй" амаль 10 гадоў, клуб уяўляе сабой ваярскую культуру XIV- пачатку XV стагоддзяў. Фестываль быў своеасаблівай справаздачай клуба за ўвесь час існавання. Да святкавання Дня горада Вілейкі арганізатары запрасілі ў госці рыцарскія клубы са ўсёй Беларусі і зрабілі сапраўды маштабнае свята для жыхароў горада. 
Фэст такога маштабу праходзіў у горадзе ўпершыню, вілейскім арганізатарам дапамагалі саюзнікі з Маладзечна — спецыяльна да святкавання агульнымі намаганнямі ў Ніжнім парку горада было пабудавана замчышча.
"Сваёй дзейнасцю мы хочам звярнуць увагу людзей да свайго мінулага, да сваёй Бацькаўшчыны, каб яны крыху аглядзеліся навокал, пачалі цаніць і берагчы сваю мову, культуру, гісторыю, імкнуліся іх захаваць і перадаць нашчадкам", — адзначыў Арлоўскі.
"Нашыя продкі для нас усё гэта здабылі, а мы проста павінны гэта зберагчы. Такім чынам, асноўная мэта мерапрыемства", — папулярызыцыя культуры Вялікага княства Літоўскага — дадаў арганізатар фестываля.
Акрамя рэканструкцыі баёў "Паходня" займаецца паказальнымі выступленнямі, ездяць па вёсках, папулярызуюць у навучальных установах сярэднявечную ваярскую культуру.
Самай відовішчнай часткай фестываля сталі бугурты — калі рыцары змагаюцца масава (5 на 5 ці нават болей). Складалася ўражанне, што ваякі насамрэч варожа ставяцца адзін да аднаго — біліся велізарнымі сякерамі, ламалі агароджу.
Але па словах арганізатараў, усе бойкі прайшлі без асаблівых эксцэсаў, ніхто моцна не пацярпеў, усе ваякі засталіся жывыя і здаровыя.
На тэрыторыі фестываля размесціўся велізарны рыцарскі намётавы лагер — у ім можна было пабачыць, як жылі рыцары сярэднявечча, як яны харчаваліся, дзе спалі, наогул, як ладзіўся іх побыт.
Увечары распачалася музычная праграма. У ёй прымалі ўдзел Nervida, Chernovar, Rutvica, "Горынь".
Басіст гурта Rokash Лявон Казакоў таксама калісьці быў удзельнікам клуба рыцарскай рэканструкцыі. Са сцэны ён перадаў прывітанне свайму былому клубу "Белы тур", які прымаў удзел у фестывалі, і гурт зайграў наступную песню, пад якую рыцары зладзілі сапраўдны слэм.
Пасля Rokash на сцэну выйшлі этна- панкі "Кашлаты вох", а закрывалі музычную праграму прадстаўнікі паган-металу гурт Znich.
Стужка навiн
0