МІНСК, 7 ліп —Sputnik. Кіраўніку праваабарончага праекта "ГейБеларусь" і арганізатару мінскіх гей-прайдаў Сяргею Андросенка Швецыя не дала палітычнага прытулку.
Лідэр беларускага гей-руху Андросенка з'ехаў з Беларусі ў 2013 годзе, матываваўшы свой ад'езд пераследамі з боку мінскай міліцыі.
"Калі стала ясна, што сітуацыя ў Беларусі для вяртання актывіста не палепшылася і рызыка пераследу застаецца, Андросенка разам са сваім партнёрам вырашылі папрасіць палітычны прытулак у Швецыі", —гаворыцца ў паведамленні, распаўсюджаным праектам "ГейБеларусь".
У паведамленні адзначаецца, што міграцыйныя структуры Швецыі "прызналі, што Андросенка з'яўляецца вядомым беларускім ЛГБТ-актывістам, што ён станавіўся ахвярай пераследу, дыскрымінацыі, псіхалагічнага ціску і фізічнага гвалту, але адмовілі ў палітычным прытулку".
У адказе міграцыйных улад Швецыі гаворыцца, што Андросенка "на радзіме зможа самастойна абараніць свае правы ў беларускіх судах, міліцыі і пракуратуры". Пасля ад'езду з Беларусі Андросенка жыў у Польшчы, Літве, Сербіі, апошнім часам жыве ў сталіцы Швецыі.
У "ГейБеларусь" нагадалі, што ў першай палове 2013 года мінская міліцыя выклікала на допыт больш за 100 беларускіх ЛГБТ-актывістаў, супрацоўнікаў забаўляльных ЛГБТ-устаноў і арганізацый, якія працуюць з ЛГБТ.