МІНСК, 10 ліп — Sputnik. Некваліфікаваныя будаўнікі ў Паўднёвай Асеціі падчас правядзення работ у Тырскім Багародзіца-Калядным мужчынскім манастыры, што знаходзіцца Спісе аб'ектаў сусветнай спадчыны ў ЮНЕСКА, знішчылі частку старажытных фрэсак, паведамляе Sputnik Паўднёвая Асеція.
Рабочыя ўсталявалі ў храме будаўнічыя лясы і часткова саскраблі, а часткова затынкавалі унікальныя фрэскі, якія адносяцца да XIV стагоддзя. Паведамляецца, што пасля ўмяшання Міністэрства культуры рамонтныя работы ў храме былі прыпынены.
Паводле інфармацыі кіраўніка аддзела па ахове помнікаў Міністэрства культуры рэспублікі Нэлі Табуевай рамонтам манастыра займалася мясцовая будаўнічая кампанія "Выгода".
"Фрэскі і так знаходзяцца ў аварыйным стане. Каб іх ўмацаваць, патрэбна сур'ёзная праца кваліфікаваных спецыялістаў. Мы нават не планавалі іх чапаць. Планавалася толькі кансервацыя храма, то бок яго ўмацаванне ў цяперашнім выглядзе, пакуль у нас не з'явіцца магчымасць пачаць паўнавартасную рэстаўрацыю", —сказала яна.
Галоўны храм Тырскага манастыра быў пабудаваны ў XII-XIII стагоддзях, манастыр з'яўляецца адной з галоўных архітэктурных славутасцяў Паўднёвай Асеціі і ўнесены ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ў ЮНЕСКА.
Раней у Беларусі ажыўленыя дыскусіі ўзнікалі вакол маштабных рэстаўрацый вядомых гістарычных аб'ектаў —палаца Радзівілаў у Нясвіжы, Мірскага і Лідскага замкаў. Гісторыкі і грамадскасць былі абураная паўсюдным выкарыстаннем пры рэстаўрацыйных працах сучасных будаўнічых матэрыялаў (напрыклад, жалезабетонных перакрыццяў і шклопакетаў), а таксама невыкананнем гістарычнай дакладнасці пры аднаўленні страчаных элементаў аб'ектаў.