МІНСК, 16 ліп — Sputnik. Вылучэнец ініцыятывы "Народны рэферэндум" Таццяна Караткевіч прыйшла ў Цэнтрвыбаркам пазней запланаванага часу.
Па словах Караткевіч, яна затрымалася, таму што частавала журналістаў баршчом. Такім чынам яна вырашыла адказаць на папрокі старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай, што жанчынам пераважней займацца не палітыкай, а кухняй. Па словах палітыка, эра жанчын толькі на кухні павінна скончыцца, таму боршч разліваў мужчына кіраўнік яе ініцыятыўнай групы лідэр "Гавары праўду" Андрэй Дзмітрыеў.
Караткевіч асабіста прынесла ў Цэнтрвыбаркам спіс сваёй ініцыятыўнай групы. Збіраць подпісы за вылучэнца "Народнага рэферэндуму" плануюць 1900 чалавек. Пасля перадачы дакументаў у ЦВК Караткевіч заявіла журналістам, што яна ідзе ў прэзідэнты, каб дамагчыся мірных пераменаў.
"Самае галоўнае, каб у большасці людзей з'явіліся новыя магчымасці, каб людзі маглі атрымліваць якасную адукацыю і медыцыну, каб улада пачала паважаць людзей, каб у нас з'явілася вера ў будучыню", — заявіла Караткевіч.
&Караткевіч стала пятым палітыкам, якая перадала ў Цэнтрвыбаркам спіс сваёй ініцыятыўнай групы. У ЦВК ужо знаходзяцца дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі, лідэра Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргея Калякіна і ЛДПБ Сяргея Гайдукевіча.
Таксама ў чацвер раніцай нечакана падаў дакументы ў ЦВК Андрэй Канавец, дырэктар прыватнага прадпрыемства з Наваполацка. Акрамя таго, пра свой намер перадаць сёння ў ЦВК спісы ініцыятыўных груп заявілі лідэр АГП Анатоль Лябедзька і група па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Мікалая Статкевіча. Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 11 кастрычніка.