Мсціслаў адзначыў свята горада

© Sputnik / Юлія ХвошчРыцарскі фэст у Мсціславе-2015
Рыцарскі фэст у Мсціславе-2015 - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Вялікі двухдзённы рыцарскі фэст праходзіў на Замкавай гары, масавыя гулянні – у горадзе, свята наведала шмат гасцей з Расіі і Беларусі.

Юлія Хвошч

Мсціслаў — адзін са старажытнейшых гарадоў Беларусі. Штогод сумеснымі намаганнямі мясцовых уладаў і клуба гістарычнай рэканструкцыі "Саюз вольных ратнікаў" ладзіцца вялікі рыцарскі фестываль, прысвечаны Дню горада. З кожным годам мерапрыемства становіцца больш маштабным, яго наведваюць усё большая колькасць людзей.

Сёлета да свята было прымеркавана шэраг культурных, рэлігійных і забаўляльных мерапрыемстваў ну і, канешне, спаборніцтвы рыцараў. Відовішчныя тэатральныя прадстаўленні, музыка ад гуртоў Lity Taler, Irdorath, "Стары Ольса", "Млын сонца", конкурс фаершчыкаў, лазарнае шоу… Гэта было сапраўднае свята для жыхароў і гасцей горада.

Урачыстыя мерапрыемствы

Мерапрыемствы распачаліся ў пятніцу ўвечары — у раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся семінар на тэму "Магдэбурскае права Магілёўшчыны", на цэнтральнай плошчы горада прайшлі паказальныя выступленні і гульні з гледачамі ад ваенна-спартыўнага клуба "Варта" (Дарагабужскі раён, Смаленская вобласць), майстар- клас па сярэднявечных танцах і фаер-шоу ад калектыву "Яварына".

У Езуіцкім манастыры распачала працу выстава прыладаў катавання "Молат ведзьмаў", дзе можна было пабачыць  "калыску Іуды", стул вядзьмаркі і знакаміты іспанскі бот, прымерыць на сябе маскі з унікальнай калекцыі.

Падчас святкавання Дня горада адбылося адразу два рэлігійных мерапрымемствы — у храме ў гонар Тупічэўскай іконы Божай маці была выстаўлена часціца мошчаў святой блажэннай Матроны Маскоўскай для пакланення вернікаў, у суботу адбыўся малебен у гонар воінаў-мсціслаўцаў, хрэсны ход і асвячэнне капліцы ў гонар дабравернага князя Расціслава Мсціслававіча.

© Sputnik / Юлія ХвошчХрэсны ход і асвячэнне капліцы ў гонар дабравернага князя Расціслава Мсціслававіча
Мсціслаў-2015 - Sputnik Беларусь
Хрэсны ход і асвячэнне капліцы ў гонар дабравернага князя Расціслава Мсціслававіча

Фестывалю зноў пашанцавала з надвор'ем. Свята заўжды праходзіць у ліпені, аднак дакладнай даты правядзення няма. Але, незалежна ад таго напачатку ці ў напрыканцы ліпеня праводзіцца фестываль, — надвор'е заўжды добрае.

Кожны год фестываль прымае ўсё больш наведвальнікаў, кожны год арганізатары выпраўляюць памылкі папярэдніх фестываляў. Так, у апошнія два гады былі вырашаны пытанні з дастаўкай вады на Замкаваю гару, заасфальтавана дарога да галоўнай пляцоўкі мерапрыемтсва, сёлета была зладжана лесвіца для падыходу да крыніц.

У свяце быў задзейнічаны ўвесь горад — аматары гісторыі больш часу праводзілі на Замкавай гары, аматары забаўляльных мерапрыемстваў спускаліся ў горад.

На Замкавай гары

Па інфармацыі арганізатараў, у мерапрыемстве ўзяло ўдзел больш за 260 рыцараў з 30 клубаў гістарычнай рэканструкцыі Расіі і Беларусі.

Уся гістарычная частка мерапрыемства ўяўляла сабой адно вялікае тэатралізаванае шоў, кожнае дзеянне якога лагічна працягвала папярэдняе. Кожны год фестываль мае розную гістарычную тэматыку, сёлета ён быў прысвечаны паўналеццю сына мсціслаўскага князя Расціслава.

У суботу раніцай на ўрачыстым адкрыцці свята на цэнтральнай плошчы горада па легендзе князь мсціслаўскі дорыць сыну пярсцёнак і валоданні і ў гонар яго 16-цігоддзя загадвае распачаць рыцарскі турнір. На плошчы былі прадстаўлены рыцарскія клубы, якія потым крочылі на Замкавую гару —месца заснавання горада, дзе і праходзіла на працягу дня самая відовішчная частка свята.

© Sputnik / Юлія Хвошчлучнікі рыхтуюцца да штурму замка агністымі стрэламі
Мсціслаў-2015 - Sputnik Беларусь
лучнікі рыхтуюцца да штурму замка агністымі стрэламі

На Замкавай гары быў зладжаны рыцарскі лагер, наведвальнікі маглі пабачыць сярэднявечны побыт. Пад гарой у рове было пабудавана стойла для рыцарскіх коней, арганізатары загадзя нарыхтавалі для жывёл сена.

У тэатралізаванай гістарычнай часцы фестывалю былі і новаўвядзенні — арганізатары ўпершыню паспрабавалі паказаць гледачам бойкі эпохі ранняга сярэднявечча і захапіць замак агністымі стрэламі лучнікаў. "Варожае збудаванне" размесцілася на процілеглым ад гары беразе, у які павінны былі трапіць воіны. Не ўсё адразу атрымалася, аднак замак усё ж такі быў падпалены.

"Вось, напрыклад, сёння былі сольныя выступы рыцараў і фехтаванне. Мячом і ланцугамі змагаліся ваякі, дзяўчаты выходзілі на спаборніцтвы — вось гэта новае. Такога на мінулых фэстах тут ва ўсялякім выпадку я не бачыў. Гэта трэба пашыраць", — распавялі наведвальнікі фэсту.

Завяршыліся рыцарскія спабрніцтвы захопам сцяга і ўзяццем варожага замку. Дзякуючы мудрым дзеянням мсціслаўскага князя над ворагам была ўзята перамога, мірныя жыхары так і не трапілі ў палон. Урачыстае ўзнагароджанне рыцарскіх клубаў абылося ўвечары на цэнтральнай плошчы горада.

Госці са Смаленска

У мерапрыемстве ўдзельнічалі не толькі клубы гістарычнай рэканструкцыі, гасцей з Расіі таксама было шмат. У фэсце прыняло ўдзел чатыры Смаленскіх клуба — ордэн рыцараў Гаспітальераў, ваенна-гістарычныя клубы "Вытокі" і "Нюрнберг", а таксама ваенна-спартыўнае аб'яднанне "Варта" (в. Азярышча Дарагабужскага раёна).

"Рыцарскі фэст прайшоў у Мсціславе" —>> фотастужка

© Sputnik / Юлія Хвошчрыцарскі побыт на мсціслаўскім фестывалі
Мсціслаў-2015 - Sputnik Беларусь
рыцарскі побыт на мсціслаўскім фестывалі

Удзельнікі "Варты" ўжо пяты год запар наведваюць мсціслаўскі фэст і вельмі ўражаны арганізацыяй.

"Нам тут вельмі падабаецца. Арганізацыя на вышэйшым узроўні. Афармленне, сцэна, гукавое аздабленне, святло… Гэта іншы свет. Сюды прыязджаеш і адчуваеш сябе вольным", — распавёў Уладзімір Арлашчанкаў, кіраўнік клуба "Варта".

Ён адзначыў, што вельмі ўражаны гасціннасцю беларусаў і тым, што ў Мсціслаў з'язджаюцца людзі з усёй краіны.

"Беларусы гасцінныя, добразычлівыя, непераборлівыя, непатрабавальныя, але самае галоўнае, што мне ў іх падабаецца — гэта сапраўды жывыя людзі. Яны не закамплексаваны. Яны могуць пагутарыць з табой на любую тэму, нешта падказаць. Гэта Беларусь. Бо нездарма так завецца — Белая Русь, чыстая", — адзначыў кіраўнік клуба.

© Sputnik / Юлія ХвошчМсціслаў-2015
Мсціслаў-2015 - Sputnik Беларусь
Мсціслаў-2015

Арлашчанкаў падкрэсліў, што мерапрыемствы такога плану рабіць неабходна. Іх неабходна таксама і развіваць. На яго думку, у праграму фэста трэба ўвесці больш гульняў з гледачамі — кіданне бервяна і камення да дыстанцыю. " Гэта тыповыя народныя гульні, якімі забаўляліся нашыя прашчуры. Каменнямі кідаліся не толькі вікінгі. Аднак, Замкавая гара для такіх забаў будзе, канешне, малой".

"Я бы назваў тое, што праходзіць у горадзе, найвышэйшым прафесіяналізмам. Гэта тое, што проста неабходна рабіць у нас, у Расіі. Мсціслаўскі фэст — узор беражлівага стаўлення да сваёй традыцыі і культуры".

"Я, вядома ж чуў, што ў Дудутках фестываль таксама будзе. Гэта вельмі добра. Лічу, што такія фестывалі праводзіць проста неабходна. Людзі далучаюцца да культуры і становяцца больш культурнымі- гэта самае галоўнае", — дадаў Арлашчанкаў.

У горадзе

Ад цэнтральнай плошчы горада і да самай Замкавай гары на некалькі вуліц разгарнуўся сапраўдны кірмаш вырабаў і талентаў. Кожнае прадпрыемства горада, кожна ўстанова прадставіла гасцям фестывалю прадукты сваёй творчасці — у тым ліку школы і дзіцячыя садкі.

" Я раблю свае сувеніры ўжо 10-15 гадоў. Знайшоў сваю тэматыку — вырабы з бурштынавай смалы. Гэты матэрыял не кантактуе з іншымі, таму калі ў ім размесціць што-небудзь, то выява захаваецца амаль на пяць тысяч гадоў", — распавёў магілёўскі мастак.  

© Sputnik / Юлія ХвошчВялікі кірмаш на вуліцах Мсціслава
Мсціслаў-2015 - Sputnik Беларусь
Вялікі кірмаш на вуліцах Мсціслава

Акрамя "Гораду майстроў", на цэнтральных вуліцах працавала выстава-экспазіцыя арганізацый "Мсціслаў старажытны". Дарэчы, на самой Замкавай гары таксама знаходзіліся гандлёвыя палаткі, але ўжо выключна сярэднявечнай тэматыкі, а адразу каля рысталішча можна было запытацца ў аракула аб сваёй будучыні.

"Я дзіўлюся ўменню і багаццю тых людзей, якія прадстаўляюць тут сваю вытворчасць ці з'яўляюцца пасрэднікамі нейкіх камбінатаў, фабрык, выстаўляюць рамесныя і гліняныя вырабы", — адзначыў адзін з наведвальнікаў фестывалю.

Нягледзячы на вялікі наплыў людзей, горад выглядаў чыстым, смецце адразу прыбілася супрацоўнікамі камунальных службаў.  

У цэнтральным парку працавалі атракцыёны, самыя маленькія наведвальнікі каталіся на поні. Увечары на цэнтральнай плошчы можна было пабачыць танец хадулістаў, неонавае шоу, вялікае прадстаўленне фаершчыкаў, сапраўдны тэатр шутоў.

Свята атрымалася

Сёлета свята наведала вялікая колькасць гасцей з Беларусі і Расіі. Па словах арганізатараў мерапрыемства, гэта было чакана.

 "Мы чакалі такога наплыву людзей. З кожным годам наведвальнікаў фэсту становіцца толькі болей. У адрозненні ад папярэдніх фестываляў, сёлета мы зрабілі больш забаўляльнай праграм, і нам здаецца, што людзям гэта прыйшлося да спадобы", — распавяла арганізатар свята, культарганізатар Мсціслаўскага раённага цэнтра культуры, Хрысціна Сілкова.

© Sputnik / Юлія ХвошчНа свята прыехалі людзі з усёй Беларусі
Мсціслаў-2015 - Sputnik Беларусь
На свята прыехалі людзі з усёй Беларусі

Такім чынам у свяце прымаў удзел увесь горад. Мерапрыемствы завяршыліся спаленнем вядзьмаркі, вялікім выступленнем гурта Irdorath і начной сярэднявечнай дыскатэкай.

Стужка навiн
0