МІНСК, 26 ліп — Sputnik. Беларускія турысты ў гэтым сезоне ў два разы радзей, чым у мінулым, вырашаюцца правесці адпачынак за мяжой.
У мінулыя гады да паловы ўсіх пуцёвак раскупляліся яшчэ на этапе ранняга браніравання, калі прапановы былі найбольш выгадныя. У 2015 годзе гэтай магчымасцю скарысталіся адзінкі.
"Такога правальнага сезону ў тургаліне яшчэ не было", — заявіла ў інтэрв'ю Sputnik рэдактар газеты "Турызм і адпачынак" Лілія Кобзік.
Яна нагадала, што было некалькі крызісаў — сусветныя, уласныя, агульныя з Расіяй.
"Але цяперашні крызіс проста падкасіў галіну", — сказала Кобзік.
Мінулыя крызісы былі, па яе словах, жартоўнымі: усе чакалі, што людзі не паедуць, але яны ўсё роўна ехалі.
"Дык вось сёлета можна сказаць, што яны не паехалі… Для турызму, думаю, і па сусветных мерках, падзенне патоку на 50% — гэта катастрафічна", — канстатавала спецыяліст.
Крызіс і асабістыя фінансавыя складанасці — гэта толькі адна прычына, па якой беларусы масава адмаўляюцца ад замежных паездак. Другая прычына, на думку эксперта, заключаецца ў "адсутнасці настрою".
"Бо так адразу не вырашаецца гэтае пытанне: вось стаў крыху менш зарабляць, таму не павязу дзіцяці ў Балгарыю. Ёсць і недарагія туры. Тая ж Балгарыя — 1000 еўра на сям'ю, не так страшна раз у год вылучыць гэтую суму. А вось не едуць, настрою няма", — падкрэсліла Кобзік.
Беларусы не хочуць нікуды ехаць з-за агульнай няўпэўненасці ў заўтрашнім дні, а таксама з-за трывожных навінаў з сусветных курортаў, лічыць эксперт. Крызіс у Грэцыі, тэракты ў Тунісе і Турцыі, на яе думку, ўскосна таксама паўплывалі на рашэнне беларусаў застацца дома.
"А яшчэ па тэлебачанні распавядаюць, што на міжземнаморскіх курортах высаджваюцца нелегальныя мігранты, начуюць на пляжах. Наш крызіс плюс ўсе гэтыя турыстычныя жахі — вось і няма настрою выязджаць на адпачынак. Яно наклала агульны адбітак, і рынак у гэты раз ўпаў. Такога дрэннага сезону яшчэ не было", — зрабіла вынік эксперт.