Як прайшоў фестываль "Дружба"

© Sputnik / Юлія ХвошчФестываль "Дружба"
Фестываль Дружба - Sputnik Беларусь
Падпісацца
“Самае цёплае” мерапрыемства лета атрымалася самым яскравым і пазітыўным, не гледзячы на халоднае надвор’е.
МІНСК, 3 жні — Sputnik. Двухдзённы фестываль "Дружба" ў другі раз прайшоў у Беларусі. Сёлета месцам правядзення быў абраны цэнтр экалагічнага турызму "Станькава". У лайн-ап фестывалю былі заяўлены толькі беларускія гурты, прычым лепшыя з іх — "Крама", Trubetskoy, J-Морс, "Серебряная свадьба", легендарныя Drum Ecstasy і Nizkiz.
На тэрыторыі фестывалю быў забаронены продаж піва, аб чым арганізатары даведаліся толькі ў дзень правядзення мерапрыемства. Незадаволеных было шмат, але тыя, хто прыехаў паслухаць добрую беларускую музыку, адразу знайшлі як сагрэцца — на фестывалі можна было паўдзельнічаць у спаборніцтвах па валейболе і футболе, бамперболе, пагуляць у фрызбі, прыняць удзел у шэрагу квэстаў.
Беларускія музыканты вельмі станоўча ставяцца да правядзення такіх фестываляў і ахвотна едуць выступаць. Сёлета, напрыклад, Ігар Варашкевіч, лідэр гурта "Крама", нават адмовіліся ад адпачынку дзеля выступлення.
Віталь Артыст, лідэр гурта "Без білета", які летась выступаў хэдлайнерам на фестывалі, у інтэрв'ю радыё "Сталіца" адзначыў, што на прыкладзе "Дружба festival" бачна, як "фестывальная культура, вельмі развітая ў еўрапейскіх краінах, нарэшце даходзіць і да Беларусі".
"Пакуль што на такіх фестывалях усё трымаецца на жаданні артыстаў выступаць. Як мінімум яны сюды прыводзяць сваіх сяброў. Ну, а калі сур'ёзна, я спадзяюся, што ў людзей не скончыцца жаданне слухаць артыстаў і думаю, што ў гэтага фестываля ёсць будучыня", — распавёў карэспандэнту Sputnik дырэктар гурта Trubetskoy Яўген Калмыкоў.
Сёлета фестываль вызначыўся празмернай дысцыплінай — паліць дазвалялася толькі ў спецыяльна адведзеным месцы, праносіць алкаголь на тэрыторыю фестываля і намётавага лагера было нельга.
"Нажаль у нас пакуль што няма фестывальнай культуры, і супрацоўнікі ўлады з некім падазрэннем ставяцца да правядзення оупэн-эіраў. Гэта таксама тычыцца і заканадаўства па правядзенню фестываляў. Спадзяемся, што ў хуткім часе беларускія музычныя фестывалі стануць больш ліберальнымі", — сказалі арганізатары "Дружбы".
Яны таксама адзначылі, што ў тых умовах, якія зараз склаліся на беларускім музычным рынку, фестываль прайшоў на больш высокім узроўні, чым яны самі планавалі.
"Пляцоўка да наступнай "Дружбы" пакуль не вызначана, але мы будзем ладзіць фестываль і далей — гэта факт. Спадзяемся, што ў наступным годзе мы таксама парадуем нашых гасцей гучнымі хэдлайнерамі і іншымі прыемнымі рэчамі", — распавялі арганізатары.
У другі фестывальны дзень выступілі гурты "Чип и Дейл", "Мутнаевока", U.G. Oslavia, Navi, "Огонёк бэнд".
На фестывалі было не так шмат людзей, як планавалася. Тыя, хто па розных прычынах не здолеў трапіць на "Дружбу", у хуткім часе маюць шанец усё ж-такі пачуць сваіх куміраў. Так, 30 жніўня ў рэстаране "Сябры" адбудзецца вялікі святочны канцэрт гурта "Крама", прымеркаваны да 55-годдзя лідэра калектыва Ігара Варашкевіча.
Стужка навiн
0