МІНСК, 11 жні — Sputnik. Канчатковае рашэнне аб абранні рэктара застанецца ў кампетэнцыі міністэрства адукацыi, з чым не згодныя актывісты студэнцкага руху.
Ужо праз два тыдні пасада рэктара ў Беларусі стане выбарнай. Згодна з анансаваным алгарытмам выбараў, кандыдаты мусяць перадаць свае праграмы ў савет універсітэта, які пасля абярэ лепшыя і прадставіць іх у міністэрства адукацыі.
"Менавіта Савет універсітэта будзе вызначаць, якія заяўкі перадаць у Мінадукацыі. Канчатковае ж рашэнне застанецца ў кампетэнцыі міністэрства", — патлумачыла Sputnik Лізавета Яфімава, актывістка Цэнтру развіцця студэнцкіх ініцыятыў.
"Згодна з законам, колькасць студэнтаў у Савеце ўніверсітэта павінна складаць 25% ад агульнага ліку членаў Савета, але на практыцы большасць вышэйшых навучальных устаноў не прытрымліваецца гэтай нормы ні на факультэцкім, ні на ўніверсітэцкім узроўнях", — дадала яна.
Апошняе інтэрнэт-апытанне беларускіх студэнтаў, якое ладзіў Грамадскі Балонскі Камітэт сумесна з Gemius, паказала, што толькі 18% студэнтаў калісьці ўдзельнічалі ў выбарах прадстаўнікоў у савет свайго ўніверсітэта, 17% — у савет факультэта і 19% — у органы студэнцкага самакіравання. Астатнія альбо не ўдзельнічалі (такіх каля 50%), альбо нічога не чулі пра такія выбары (каля 30%).
"Запланаваны механізм выбарнасці на будзе працаваць належным чынам, пакуль не пачнуць ладзіцца дэмакратычныя выбары прадстаўнікоў студэнтаў у саветы ўсіх факультэтаў і універсітэтаў, каб навучэнцы маглі насамрэч ўплываць на выбары рэктара", —лiчыць актывiстка цэнтру.
На той выпадак, калі большасць прадстаўнікоў Савета з не пагодзіцца з рашэннямі Мінадукацыі, Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятыў прапануе стварыць механізм іх маніторынгу і апеляцыі.
Марына Штрахава, юрыст моладзевай прафсаюзнай групы "Студэнцкая рада", станоўча ацэньвае неабходнасць распрацоўкі праграм па развіцці ўніверсітэта.
"Патрэбна, каб у рэктара было нейкае бачанне будучыні ўніверсітэта, а не толькі прага да пасады", — сказала Штрахава.
Але, па словах юрыста, застаецца незразумелым, хто насамрэч будзе абіраць рэктара.
"Анансавана, што Савет будзе зацвярджаць лепшыя праграмы. Ён разгледзіць праграмы кандыдатаў і скажа, што чатыры з пяці годныя і вартыя ўвагі і накіруе іх у Мінадукацыі, а міністэрства само вырашыць, хто адпавядае гэтай пасадзе найлепш. Абіраць рэктара павінен Савет універсітэта, і на гэтым працэдура павінна быць скончана", — агучыла меркаванне Рады Штрахава.
Пры выбарнасці пасады рэктара змяняецца i кола яго абавязкаў, тлумачыць Штрахава. Усе значныя рашэнні, якія тычацца жыцця ўніверсітэта, прымае Савет і рэктар не можа іх адмяніць. Затое рашэнні рэктара могуць быць скасаваны, калі яны не адпавядаюць інтарэсам універсітэта.
"Калі змены будуць комплекснымі, а не проста тэхнічнымі, то сістэма вышэйшай адукацыі сапраўды стане больш блізкай да балонскай", — падсумоўвае актывістка.
БДУ пакуль што не каментуе будучыя змены ў сiстэме адукацыi. "У апошні час самай актуальнай для нас кампаніяй была прыёмная. Рэктар на дадзены момант у адпачынку", — сказалі ў прэс-службе БДУ.
"Пакуль усе магчымыя змены маюць рэкамендацыйны характар, таму чакаем афіцыйных дакументаў па гэтаму пытанню", — дадалi ў БДУ.
У гэтым годзе Беларусь далучылася да Балонскага працэсу i прыняла "дарожную мапу" па iнтэграцыi нацыянальная сiстэмы вышэйшай адукацыi ў агульнаеурапейскую прастору. Адным з прынцыпаў яго функцыянавання з'яўляецца павышэнне самастойнасцi ВНУ.