МІНСК, 12 жні — Sputnik. Беларускія пілігрымы на чале са старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі 21 верасня распачнуць трэцюю Нацыянальную пілігрымку ў Іерусалім. Напрыканцы падарожжа пілігрымы ўсталююць у святынях рэгіёна памятныя дошкі на беларускай мове, паведамляе сайт Catholic.by.
Усталяванне дошак пройдзе ў двух касцёлах: у Горнай святыні, дзе сустрэліся Марыя і Альжбета, будзе ўсталявана дошка "Magnificat", а ў месцы нараджэння св. Яна Хрысціцеля ў Ань Карэм — дошка "Benedictus".
"Пілігрымка будзе мець пакутны характар — мы праводзім яе ў абвешчаны ў Беларусі Год навяртання. Падарожжа мае рэлігійны і духоўны аспект. Гэта не толькі штодзённая святая Імша, але і канферэнцыі, чытанні Бібліі. Ужо складзена адмысловая праграма для паездкі", — распавёў каардынатар пілігрымкі ксёндз Раман Факсінскі.
Ён дадаў, што дошкі будуць вырабляць ужо на месцы. Пытанні па вырабу і ўсталяванню дошак зараз узгадняюццца беларускім бокам з Кустодыяй.
"Такім чынам, Беларусь будзе мець яшчэ адно памятнае месца на Святой Зямлі, дзе будзе змешчаны надпіс на іх роднай мове. Для кожнага пілігрыма магчымасць убачыць словы з іх роднай мовы ў Святой Зямлі — вялікі гонар, які дае зразумець моц свайго народа", — дадаў Факсінскі.