МІНСК, 19 жні — Sputnik, Яўген Казарцаў. Беларусаў, якія жадаюць ляцець на адпачынак у Тайланд або Турцыю не становіцца менш, заявіў начальнік аддзела турызму кампаніі "Балцік-Медыя" Нікалас Мікуліч.
Папулярныя сярод беларусаў турыстычныя напрамкі "штарміць" з-за тэрарыстаў: Егіпет і Турцыя на дзяржаўным узроўні аб'яўляюць аб барацьбе з ісламістамі, у Тайландзе ў шматлюдным месцы ў цэнтры Бангкока выбухнула самаробная бомба, загінулі 27 чалавек, больш за 100 атрымалі раненні.
Але на планы айчынных падарожнікаў апошнія навіны не ўплываюць: прынамсі, ад квіткоў ніхто не адмаўляецца.
"Насамрэч, цяпер усё ў штатным рэжыме. Ад Турцыі ніхто не адмаўляецца, напрыклад. У кагосьці з'яўляліся сумневы, але плаціць санкцыйны штраф за адмову ад пуцёўкі таксама ніхто не хоча — таму, па выніку, ніхто і не адмаўляўся", — распавёў у інтэрв'ю Sputnik Мікуліч.
Па словах прадстаўніка турфірмы, адмоў ад падарожжаў у Тайланд таксама няма: але таму, што яшчэ не сезон.
"У Тайланд лётаюць часцей восенню, у жніўні да гэтага накірунку цікавасці па традыцыі няма", — адзначыў суразмоўца агенцтва.
Паводле інфармацыі авіякампаніі "Белавія" пакуль ніхто з пасажыраў, якія планавалі вылецець з Мінска ў Бангкок, не скарыстаўся магчымасцю абмяняць білет або здаць яго без штрафных санкцый.
У сваю чаргу суразмоўцы Sputnik прызнаюцца: калі людзі яшчэ не вызначыліся з месцам адпачынку і не купілі пуцёўку, то замест Турцыі ва ўмовах пагаршэння абстаноўкі ў турыстычным рэгіёне хутчэй возьмуць Канарскія выспы. "Але агульна сітуацыя спакойная", — рэзюмаваў Мікуліч.
Асацыяцыя тураператараў Расіі таксама не прагназуе падзення попыту на пуцёўкі ў Егіпет, Турцыю і Тайланд.
"І цяпер, і ў перспектыве мы не назіраем ні анулявання кантрактаў, ні адмоў ад пуцёвак, ні памяншэння браніравання месцаў у гатэлях. У свеце увогуле не спакойна. Але палітычная сітуацыя ў краінах, выбраных для адпачынку, нашых турыстаў не адпуджвае", — заявіла ў інтэрв'ю Sputnik выканаўчы дырэктар Асацыяцыі тураператараў Расіі Маю Ламідзэ.
Між тым, спецыялісты адзначаюць некаторае памяншэнне патоку беларускіх турыстаў, якія вылятаюць з Масквы. Але гэтую тэндэнцыю эксперты звязваюць не з падзеямі ў паўднёвых краінах, а з эканамічнай сітуацыяй у Беларусі і няўстойлівасцю валютных курсаў.