Хрысціянскім дэмакратам у пяты раз адмовілі ў рэгістрацыі партыі

© Sputnik / Сергей Самохин / Перайсці ў медыябанкЛідэр БХД Віталь Рымашэўскі
Лідэр БХД Віталь Рымашэўскі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
БХД рыхтуе скаргі ў пракуратуру, Вярхоўны суд і заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса.

МІНСК, 20 жні — Sputnik. Мінюст у пяты раз адмовіў у рэгістрацыі партыі Беларуская Хрысціянская дэмакратыя. Адказ на чатырох лістах з ведамства прыйшоў палітыкам па пошце, паведаміў сустаршыня Аргкамітэту па стварэнні партыі Віталь Рымашэўскі.

Аргкамітэт па стварэнні партыя БХД існуе ў Беларусі ўжо каля дзесяці гадоў. Першая беспаспяховая спроба зарэгістраваць партыю была прадпрынятая ў канцы 2007 года. Гэтак жа безвынікова хрысціянскія дэмакраты хадзілі ў Мінюст у 2009, 2010, 2012 гадах.

"Падставы (для адмовы ў рэгістрацыі — Sputnik) тыя ж, што і чатыры папярэднія разы: прадастаўленне недастатковых звестак пра заснавальнікаў і не прадастаўленне дакументаў", —  сказаў у інтэрв'ю Sputnik Рымашэўскі.

Ён удакладніў, што недакладнасці паўсталі пасля таго, як два чалавекі, якія пагадзіліся ўвайсці ў склад заснавальнікаў партыі, адмовіліся ад свайго намеру.

"Меў месца адміністрацыйны ціск. Да людзей прыйшлі і прымусілі іх адмовіцца. Мы плануем падаць скаргу ў пракуратуру па ўсіх гэтых фактах", — сказаў Рымашэўскі.

Акрамя таго, па яго словах, у Мінюсце выказалі заўвагі з нагоды адсутнасці ў дакументах тэлефонаў заснавальнікаў.

Што тычыцца дакументаў, адсутнасць якіх таксама стала падставай для адмовы БХД, то, па словах палітыка, гэтыя паперы не ўваходзяць у абавязковы пералік дакументаў, неабходны для рэгістрацыі партыі.

Акрамя скаргі ў пракуратуру, аргкамітэт БХД рыхтуе яшчэ дзве афіцыйныя паперы. Хрысціянскія дэмакраты плануюць абскардзіць рашэнне Мінюста ў Вярхоўным судзе, а таксама падаць заяўку ў Кнігу рэкордаў Гінеса. БХД прэтэндуе на званне палітычнай сілы, якая сабрала самую багатую калекцыю адмоў у рэгістрацыі.

Стужка навiн
0