МІНСК, 21 жні — Sputnik. Часопіс выйдзе ўвосень, ужо сфарміраваны спіс твораў, з якіх будзе складацца чарговы выпуск незалежнага альманаха.
Ад папярэдніх выданняў дзевяты нумар будзе адрознівацца тым, што адабраныя рэдактарамі тэксты будуць праілюстраваны на вуліцах розных гарадоў.
"Мы першымі перанясем літаратуру з паперы і "кіндлаў" вонкі на вуліцу. Створым прыгажосць і канцэптуальнае мастацтва сярод дамоў і паркаў, дарог і гіпэрмаркетаў",. — кажуць рэдактары часопісу.
"Мы зробім так, каб нашае мастацтва і літаратуру, якія існуюць разам, былі дасяжнымі кожнаму ў Мінску, Празе, Плзэні, Вэне, Польшчы і Кіеве", — дадалі яны.
Ужо вызначаны спіс апавяданняў, якія войдуць у дзевяты нумар "Макулатуры 9 — Вольнамастацкай". Сярод іх "Алесь" Адама Глобуса, "Чараўнік" Яўгена Казарцава, "Чортава інструкцыя" Алісы Бізяевай, "Два партрэты старых" Алеся Гізуна, "Сцяна" Аляксандра Змушко і іншыя.
Каманду мастакоў часопіса склалі Васіліса Паляніна-Календа, Даша Заічанка, Контра, Ганна Бундзелева, Sakuma Shigeru, Лера Лазук, ian pavetra, Вольга Якубоўская, Cowek, Каця Шалкоўская, Mrrr, Hutka Smachnaa.
Першы нумар часопіса "Макулатура" выйшаў у снежні 2012 года. За тры гады было выдадзена восем нумароў. Асаблівасць часопіса — арыгінальны падыход да падбору і афармлення тэкстаў. Над выданнем працуюць пісьменнік Сяргей Календа і яго жонка — мастачка Васіліса Паляніна-Календа.