МІНСК, 29 жні — Sputnik. Стаўку падаходнага падатку ў Беларусі ў 2016 годзе плануецца павялічыць у пяць разоў у тым выпадку, калі грамадзянін здае ў арэнду жыллё, месцы на паркоўках або нежылыя памяшканні без заключэння і рэгістрацыі дагавораў арэнды.
Такая прапанова ўтрымліваецца ў праекце паправак на 2016 год у Падатковы кодэкс Беларусі. Дакумент размешчаны для грамадскага абмеркавання на сайце міністэрства фінансаў Беларусі.
"У выпадках атрымання плацельшчыкам у падатковым перыядзе даходаў ад здачы жылых і (або) нежылых памяшканняў, машына-месцаў без выплаты падаходнага падатку з фізічных асоб і без заключэння і (або) рэгістрацыі дагавораў арэнды (субарэнды), найму (паднайму) жылых і (або) нежылых памяшканняў, машына-месцаў такія даходы падлягаюць падаткаабкладанню падаходным падаткам з фізічных асоб па стаўцы, памер якой вызначаецца ў адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 173 гэтага Кодэкса, з ужываннем каэфіцыента 5", — гаворыцца ў дакуменце.
У Беларусі стаўкі падаходнага падатку з фізічных асоб за здачу ў наём жылых памяшканняў зацвярджаюцца мясцовымі органамі ўлады. Пры гэтым для Мінска гэтыя стаўкі дыферэнцыраваны ў залежнасці ад месца размяшчэння жылля.
Сёлета міністэрства па падатках і зборах вяло пастаянныя праверкі законнасці здачы ў арэнду жылля і прыцягвала вінаватых асоб да адказнасці. Пры гэтым у ведамстве адзначалі, што гэтая праца прынесла адчувальныя вынікі.