МІНСК, 1 вер — Sputnik. Традыцыйная "Ноч кажаноў" пройдзе ў Мінску, навукоўцы запрашаюць мінчукоў шукаць рукакрылых у сталічным парку пры дапамозе ультрагукавой тэхнікі.
"4 верасня ў Мінску ў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах пройдзе "Ноч кажаноў", — паведамілі Sputnik ў аўторак у Грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны".
У межах міжнароднай акцыі International Bat Night АПБ сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі правядзе "лікбез па кажанам". Падчас "Ночы кажаноў" пройдуць лекцыі і экскурсія па парку", — распавялі арнітолагі.
"Кажаны — не героі кашмарных сноў і фільмаў жахаў. Гэта рэальныя звяркі, якіх можна сустрэць і ў горадзе, і ў сельскай мясцовасці", — адзначылі суразмоўцы агенцтва.
Пры гэтым навукоўцы падкрэслілі, што "кажаны прылятаюць зусім не для таго, каб выпіць вашу кроў і заблытацца ў валасах. Іх справа і роля ў прыродзе куды больш высакародныя: яны знішчаюць шмат насякомых, апыляюць расліны і дапамагаюць рассеяць насенне".
Навукоўцы распавядуць пра тое, што ядуць кажаны, як ім удаецца спяваць, чаму яны вядуць начны лад жыцця і колькі жывуць, экскурсія пройдзе ў парку імя Горкага.
"Калі пашанцуе з надвор'ем, можна будзе паназіраць за кажанамі з дапамогай ультрагукавой тэхнікі", — сказалі навукоўцы.
Як раней паведамляла агенцтва са спасылкай на навукоўцаў, у Беларусі ў фартыфікацыйных збудаваннях Брэсцкай крэпасці жыве трэцяя па колькасці ў Еўропе калонія шыракавушкі еўрапейскай. Усяго на Беларусі жыве каля 10 відаў кажаноў.