Фэст "Камяніца 2015" распачнуць дзеткі, "Стары Ольса" ды Altanka

© Sputnik / Юлія ХвошчБеларускі фолк-гурт "Стары Ольса"
Беларускі фолк-гурт Стары Ольса - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Арганізатары фолк-фэста "Камяніца 2015", які адбудзецца пад Мінскам у суботу 5 верасня, абвесцілі другую частку музычнай праграмы, а таксама дэталі пра бясплатны транспарт, забавы і кірмаш.

МІНСК, 3 вер — Sputnik. Фестываль распачнецца апоўдзень са спеваў дзіцячых калектываў "FолкRада" і "Мілавіца". Пасля гэтага галоўную сцэну адчыняць гурты Altanka і "Стары Ольса", распавялі Sputnik арганізатары мерапрыемства.

З канцэртнай праграмай таксама выступять і замежныя госці — "Дримба да Дзига" (Украіна), Trad Attack! (Эстонія), Dzikie Jablka (Польшча) і беларускія гурты Vuraj, "Ягорава гара".

Іван Кірчук, лідэр гурта Троіца - Sputnik Беларусь
Лідэр “Троіцы” прадставіць на “Камяніцы” этнаграфічную містэрыю

"Музычная праграма будзе ісці нон-стоп дзякуючы другой сцэне, на якую выйдуць фолк-гурты "Варган", "Гарынь", "Мярэжа", "Страла", "Этна-суполка" ды іншыя. Тройчы за дзень (у 13, 15 і 17 гадзін) у былой царкве каля карчмы сваю этнаграфічную містэрыю "Споведзь пад стрэхамі" пакажа Іван Кірчук — распавялі арганізатары.

Амаль самастойным вялікім мерапрыемствам у межах "Камяніцы" стане кірмаш нацыянальнай культуры, дзе свае вырабы прадставіць шэраг прадпрыемстваў і больш за 50 рамеснікаў — ганчары і кавалі, вытворцы лялек, упрыгожванняў з натуральных матэрыялаў і народнай адзежы — ад традыцыйных вырабаў да сучасных вышымаек. Акрамя таго гледачоў чакае шмат разнастайных забаў — народныя танцы і гульні, рыцары і арбалетнае стрэльбішча, дзіцячая пляцоўка з маляваннем і пляценнем. Можна будзе паскакаць на кані, палятаць на аўтажыры ці проста паваляцца ў сене.

Арганізатары звяртаюць увагу, што згодна з правіламі бяспекі на тэрыторыю фестывалю нельга праносіць любыя алкагольныя напоі, ваду ў шкляных бутэльках, а таксама любое харчаванне, акрамя дзіцячага. На тэрыторыі фестывалю, побач з другой сцэнай, будзе велапаркоўка. Бясплатная аўтапаркоўка будзе недалёка ад увахода ў музей.

Акрамя ўласнага транспарту да фестывалю можна будзе даехаць бясплатным фестывальным аўтобусам ад метро "Малінаўка" (кожныя 15 хвілін з 11.30 да 23.00 у абодва бакі) ці прыгарадным аўтобусам 203э ад аўтастанцыі "Паўднёва-заходняя" (метро "Міхалова", кошт квітка 9,2 тыс. руб, расклад руху па нумары 114).

Фолк-фестываль "Камяніца" адбудзецца на маляўнічай тэрыторыі Музею народнай архітэктуры і побыту (в. Азярцо, 4 км ад МКАД) з 2009 года. Грошы ад мерапрыемства дапамагаюць музею падтрымліваць найбуйнейшую ў Беларусі калекцыю вясковай драўлянай архітэктуры XVIII-XX стагоддзяў.

Кошт квіткоў на "Камяніцу 2015" складае: для дарослых — 100 тыс. руб., школьнікаў да 12 год — 50 тыс. руб. Дашкольнікі, а таксама наведвальнікі ў поўным варыянце нацыянальнага касцюма (ад галаўнога ўбора да абутку) праходзяць бясплатна. Час правядзення фестывалю — з 12.00 да 22.00.

Стужка навiн
0