Яўген Казарцаў, Sputnik
Штогод у краіне павялічваецца колькасць fashion-мерапрыемстваў (тыдзень моды, "Млын моды", шматлікія дызайнерскія кірмашы), а беларускія мадэлі ўдзельнічаюць у міжнародных паказах. Пра тое, як і для чаго рыхтуюць у Беларусі мадэляў, Sputnik пагутарыў з кіраўніком подыум-школы "Fashion Style" Ігарам Івановым.
Дзяржаўная мода
Распаўсюджана меркаванне, што ўсе мадэльныя агенцтвы і школы — прыватныя. Але, аказваецца, ёсць і дзяржаўныя, прычым буйныя і актыўныя. Подыум-школа працуе ў межах УА "Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі" Міністэрства адукацыі рэспублікі. Працуе подыум-школа зусім не для заробку — галоўнай мэтай яе кіраўнікі бачаць паляпшэнне іміджу Беларусі.
Зрэшты, часам пытанні выклікае і падрыхтоўка мадэляў прыватнымі студыямі. "Бывалі выпадкі, калі выпускнікі прыватных мадэльных школ адпраўляліся працаваць за мяжу і адразу ж вярталіся на радзіму — яны не былі гатовыя да такога рэжыму працы, да нагрузак", — распавёў Іваноў.
Паводле яго слоў, Міністэрства адукацыі ўплывае на навучальны план подыум-школы толькі ў агульных пытаннях і нормах, якія прад'яўляюцца ўсім навучальным установам. "У астатнім жа — поўная свабода", — прызнаўся кіраўнік студыі.
Мадэляў тут вучаць этыкету, дэфіле, фатаграфіі, мастацтву і шматлікім іншым прадметам. У кабінеце Іванова стаяць кнігі па гісторыі мастацтва і моды, стопкі глянцавых часопісаў.
"Насамрэч, такая адукацыя добра ўжо тым, што пашырае кругагляд людзей, нават калі яны з модай ніяк не будуць звязаны", — сказаў Іваноў.
Навучальны цыкл у подыум-школе — адзін год. Зрэшты, некаторыя мадэлі затрымліваюцца тут даўжэй — некаторыя гадамі ходзяць у школу.
Геаграфія беларускага мадэльнага бізнесу
Ігар Іваноў сцвярджае: айчынныя мадэлі ўдзельнічаюць у шматлікіх міжнародных паказах.
"Масква, Мілан, Парыж, Санкт-Пецярбург, Пекін, Кіеў, Талін — мадэлі нашай школы выступалі ў многіх краінах свету", — распавёў Іваноў.
Таксама ён прызнаўся, што для многіх матывацыяй працы ў свеце моды становіцца, у тым ліку, і магчымасць падарожнічаць па свеце, бачыць новыя краіны і знаёміцца з людзьмі.
"Нават калі чалавек потым не застаецца ў індустрыі, то багаж ведаў і ўражанняў ўсё роўна з ім", — адзначыў кіраўнік подыум-школы. Але дадаў: за ўдзел у міжнародных паказах, як правіла, мадэлям не плацяць — затое пакрываюць выдаткі на пералёты і пражыванне.
Дарэчы, пра дасягненні: некалькі гадоў таму юная выхаванка студыі стала ўладальніцай тытула "Маленькая супермадэль свету", — гэтым тут асабліва ганарацца.
"Не выйшлі тварам" — сардэчна запрашаем у part-мадэлі
Вучыцца ў "Fashion Style" можна з шасці да 25 гадоў. Кіраўнік прызнаўся, што каля 90% усіх навучэнцаў — дзяўчынкі, але і маладыя людзі сюды досыць часта прыходзяць самі.
А вось у пытаннях параметраў усё вельмі ліберальна. "Нават калі ў вас невялікі рост, які не падыходзіць для подыума — вы можаце быць выдатнай мадэллю для фотасесій. Калі ж у вас не самыя мадэльныя дадзеныя — цяпер ідзе трэнд на нестандартных мадэляў, ды і заўжды можна стаць part-мадэллю, гэта значыць, напрыклад, здымаць будуць прыгожыя часткі цела — скажам, рукі ці ногі", — распавёў Іваноў.
Паводле яго слоў, модны свет ведае шмат выпадкаў, калі дзяўчаты з прыгожымі рукамі доўгі час працавалі part-мадэлямі: здымаліся для каталогаў і часопісаў, рэкламуючы, напрыклад, гадзіннікі.
Ніякага адбору ў подыум-школе няма — прыйсці і паспрабаваць можа кожны жадаючы. А вось ужо якая кар'ера яго чакае — пытанне іншае. Іваноў лічыць, што для поспеху ў мадэльнай справе адных знешніх дадзеных мала — патрэбен талент і працавітасць. "Гэта толькі здаецца, што ўсё так лёгка — прайшоўся па подыўме паўхвіліны, і ўсё. А насамрэч, гэта вялікая праца, і шмат гадзін падрыхтоўкі да паказу", — распавёў ён.
Акрамя міжнародных паездак, дастаткова працы ў мадэляў і ў Беларусі. "Гэта і рэгулярны ўдзел у "Млыне моды", і паказы айчынных дызайнераў, розныя мерапрыемствы — ёсць шмат шанцаў рэалізаваць сябе", — заключае Іваноў.
Зарабіць мадэльным бізнесам у Беларусі складана, але можна. Іваноў сцвярджае, што ў краіне ёсць некалькі мадэляў, якія жывуць за кошт моднага бізнесу.
"Ды і потым можна працаваць стылістам, рэдактарам глянцавага часопіса — шмат кім. "Мадэльная" адукацыя універсальна, з ёй можна ўсё жыццё працаваць у гэтай сферы", — распавёў кіраўнік школы.