МІНСК, 11 вер — Sputnik. Канцэрн Fiat Chrysler Automobiles плануе стварыць у Беларусі дзве зборачныя вытворчасці.
У чацвер прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, які ў цяперашні час знаходзіцца з візітам у Італіі, сустрэўся з кіраўніцтвам канцэрна на пляцоўцы прадпрыемства Maserati у Турыне, перадае БелТА.
Беларускі прэм'ер адзначыў, што рэспубліка гатова арганізаваць візіт дэлегацыі прадпрыемства ў Мінск для далейшага развіцця супрацоўніцтва.
Пазней член назіральнага савета СП ЗАТ "Юнісан" Аляксей Ваганаў растлумачыў журналістам, што заключаны папярэднія дамоўленасці аб рэалізацыі двух праектаў па зборцы легкавых і камерцыйных аўтамабіляў.
"Гаворка ішла аб камерцыйных аўтамабілях Iveko, Fiat, легкавых аўтамабілях. Нашы магчымасці супадаюць з жаданнем і перспектывамі Fiat Chrysler Automobiles на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза. Наш першы крок — стварэнне буйнавузлавой зборкі ў 2016 годзе, у 2017-2018 гадах мяркуецца дасягнуць пэўнай лакалізацыі — 30-50%", — сказаў Ваганаў.
Паводле яго слоў, у праектах з Fiat Chrysler Automobiles мяркуецца задзейнічаць пляцоўкі "Юнісана" (плануецца вырабляць 20 тысяч аўтамабіляў у год) і аб'яднання "Белаўтамаз". Ваганаў таксама дадаў, што аб'ёмы інвестыцый бакі пакуль не абмяркоўвалі, гаворка ішла толькі аб мадэльным шэрагу, а таксама аб стварэнні рабочай групы па распрацоўцы мемарандума аб супрацоўніцтве Беларусі і Fiat Chrysler Automobiles.
За апошнія 15 гадоў на магутнасцях "Юнісана" ў пасёлку Абчак пад Мінскам ужо спрабавалі арганізаваць прамысловую зборку аўто розных замежных марак, у тым ліку "Форд", "Шкода", "Люблін". Больш паспяховым атрымаўся праект з іранскай Iran Khodro па зборцы аўтамабіляў "Саманд" — гэта вытворчасць працуе і зараз, хоць яго магутнасці далёкія ад заяўленых. Увосень 2014 года Беларусь падпісала пагадненне аб ліцэнзійнай зборцы ў Абчаку аўтамабіляў Peugeot і Citroën.