МІНСК, 11 вер — Sputnik. Беларусь высока ацэньвае дапамогу Дзіцячага фонду ААН, выдзеленую на бліжэйшыя пяць гадоў, заявілі ў міністэрстве замежных справы рэспублікі.
Выканаўчы савет Дзіцячага фонду ААН на сваёй рэгулярнай сесіі, якая адбылася 9 верасня ў Нью-Ёрку, аднагалосна зацвердзіў краінавую праграму ЮНІСЕФ для Беларусі на 2016-2020 гады.
"Бюджэт новай краінавай праграмы складае 8,5 мільёна долараў ЗША. Праграма накіравана на падтрымку намаганняў Беларусі па найлепшым забеспячэнні інтарэсаў дзяцей на нацыянальным узроўні", — паведамілі Sputnik ў пятніцу ў прэс-службе МЗС Беларусі.
У знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што праграма таксама прадугледжвае садзейнічанне ўраду з боку ЮНІСЕФ па забеспячэнні доступу дзяцей з асаблівымі патрэбамі да комплекснага медыцынскага догляду, якаснай адукацыі, псіхалагічнай і сацыяльнай дапамогі.
Асаблівая ўвага ў ёй нададзена пытанням падтрымкі сям'і ў стварэнні бяспечнага, клапатлівага і спрыяльнага асяроддзя для дзіцяці і ўзмацненню адказнага бацькоўства і мацярынства.
У МЗС сказалі, што пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Андрэй Дапкюнас высока ацаніў новую краінавую праграму для Беларусі, ён вітаў паслядоўныя намаганні ЮНІСЕФ па прыцягненню няўрадавых арганізацый, грамадзянскай супольнасці і прадпрымальніцтва для дасягнення пастаўленых праграмай мэтаў.
Дапкюнас запэўніў, што ўрад рэспублікі са свайго боку працягне прыкладаць усе неабходныя намаганні для паспяховай і поўнай рэалізацыі праграмы.