Алена Васільева, Sputnik.
Не сустрэўшы сучасную інкарнацыю філаматаў ў жывой прыродзе, накіроўваемся ў кнігарні і на кірмашы горада, высвятляць, ці не звёўся чытач — што яго турбуе, чым натхняецца і на што гатовы выдаткоўвацца.
"Светач": "Замовіць яшчэ тры ўпакоўкі "Щегла"
У пошуках аматараў духоўнай ежы прыходзім да "Светача" на праспекце Пераможцаў і сутыкаемся з ажыятажам у вышэйшай ступені нечаканым, годным амерыканскай "black friday" ці, прынамсі, рэлізу новага iPhone. Зрэшты, прычына аказваецца надта зямной — школьнікі задавальняюць свае базавыя патрэбы: замест новага Пялевіна сціскаюць у руках контурныя карты, сшыткі і пеналы.
"З канца ліпеня і да пачатку кастрычніка актыўней за ўсё купляюць метадычную і вучэбную літаратуру. І гаворка не толькі аб школьніках — студэнты, што рыхтуюцца да сесіі, часта ідуць за кніжкамі", — распавядае для Sputnik галоўны таваразнаўца "Светача" Вольга Кухарчык.
Мастацкая літаратура папулярная круглы год, але галоўным чынам, зразумела, у святы — людзі ўсё яшчэ прытрымліваюцца думкі, што кніга можа быць выдатным падарункам. "Да канца года — яшчэ адзін ўсплёск: з бюджэту выдзяляюцца грошы на мастацкую літаратуру, і яе ў нас купляюць бібліятэкі", — гаворыць Кухарчык.
Пакуль адны наведвальнікі ў паніцы разбіраюць сшыткі і атласы, іншыя задуменна перабіраюць паліцу "Навінкі". Таваразнаўца запэўнівае нас, што больш за месяц кнігі на гэтай паліцы ня трымаюцца: састарэла — і сыходзіш у іншы аддзел. Дарэчы, і класіка не застойваецца — рэтраграды фармуюць кніжныя стэлажы і гатовыя аддаваць немалыя грошы.
"Виноваты звезды" зноў скончыліся, трэба яшчэ тры пачкі замовіць. Ужо больш за дзвесце асобнікаў прадалі, а людзі ўсё ідуць і ідуць за імі", — распавядае нам пра чытацкі густ таваразнаўца.
"Як толькі выходзіць кніга па матывах якога-небудзь фільма, яе тут жа раскупляюць. Цяпер тое самае адбываецца з "Бумажными городами", — дадае яна.
Яшчэ адзін лідэр "Светача" — раман амерыканкі Доны Тарт "Щегол", які выйшаў яшчэ ў мінулым годзе і стаў нечакана папулярным. Беларускія аўтары ў "Светачы" куды як менш папулярныя, але ў краме праводзяць творчыя сустрэчы з апошнімі і тым самым стымулююць продаж.
Спробы вывучыць густы і настроі думак грамадскасці поспехам не скончыліся. Школьнікі, што беражліва прыціскалі да сябе англа-рускія слоўнікі, сцвярджалі, нібы "больш за ўсё ў літаратуры падабаецца класіка — ну, Пушкін", іншых у кніжны прывялі дзве прычыны — прыкупіць "кнігу ў падарунак" ці "проста паглядзець".
Калі не хочаце стаяць у чарзе за кніжкамі, сюды раяць прыходзіць з 20:00 да 21:00, з 8:00 да 9:00.
Кніжны кірмаш на "БелЭкспа": "Пяцьдзесят адценняў шэрага" прадаем запячатанымі — каб дзеці не чыталі"
Зрэшты, ашчадны чытач за літаратурай ходзіць выключна на кірмаш у "БелЭкспа" — тут за таго ж "Щегла" просяць не 250 000 рублёў, як у большасці кніжных Мінска, а 190.000 рублёў. "Мы закупляем кнігі напрамую ад выдаўцоў, а кніжныя крамы працуюць праз нашых кіраўнікоў, адсюль і нацэнка. У выніку розніца часам дасягае пяцідзесяці адсоткаў", — тлумачыць прадавец Святлана.
Топ-продажу тут адрозніваецца ад таго, які нам агучылі ў "Светачы", толькі "Щегол" — нязменны лідэр ўсіх кніжных на працягу апошняга года. "Вельмі добра бяруць новую кніжку Палякова — "Любовь в эпоху перемен"," Женщины Лазаря" Марыны Сцепновай, кнігу жонкі Стыга Ларссона — "Девушка с татуировкой дракона-4". Пасля смерці самога Ларссана засталіся яго рукапісы, і жонка выдала новую кніжку", — распавядаюць на кiрмашы.
Святлана дэманструе нам запячатаныя ў плёнку "50 адценняў шэрага" — кніга не прайшла цэнзуру.
"Цяпер з цэнзурных меркаванняў кнігі сталі запячатваць. Гэта тычыцца той літаратуры, у якой ёсць парнаграфічныя сцэны або лаянка, моладзь ўжо не адкрые і не пачытае. А дзяўчынкам-падлеткам я такія кнігі наогул не прадаю", — тлумачыць прадавец.
Уладзімір Арлоў у падарунак — у кнігарні "ЛогвінаЎ"
Пераканаўшыся, што ўсе адценні шэрага ад падлеткавага розуму ізаляваныя, напрыканцы адпраўляемся ў кнігарню "Логвінаў", дзе ўсё файна і душэўна — і піяніна на ўваходзе, і падшыўка часопіса "Партызан", і "глобусаўская Палічка".
У кнігарні нам настойліва раяць звярнуць увагу на новую кнігу Бахарэвіча "Дзеці Аліндаркі". Увогуле, прозу тут бяруць часцей за паэзію, нават калі тое паэзія Хадановіча, у якога найбольш запатрабаваным апошні час стаў зборнік "Нататкі таткі".
Тут вельмі любяць перакладную літаратуру. "Надта падабаюцца ўсім пераклады Мілаша. Асобная палічка ў нас прысвечаная гістарычнай літаратуры, у нас можна набыць часопіс Arche. Неверагодна папулярная кніга Арлова "Наша краіна — Беларусь", яна цікава ілюстраваная, да таго ж выдадзеная на трох мовах", — расказвае нам кансультант.
Арлова звычайна купляюць у падарунак замежнікам, апошнія ў кнігарню прыходзяць хоць і часта, але ж кнігі набываюць зрэдку: "На жаль, перакладаў беларусаў на ангельскую мову тут няшмат. У нас ёсць нямецкія і польскія выданні, але ж гэтага недастаткова, — тлумачаць у "Кнігарні".
Часам продаж узрастае пасля сустрэч з аўтарам.
"Да гэтага часу надта папулярная "Мова" Марціновіча — прыходзяць, пытаюць", — расказвае кансультант.
"Асабіста я прачытала яе за дзень, мяне захапіла — можа, таму, што я ляжала ў шпіталі і часу хапала. З папулярных — Алексіевіч "Час second-hand". Людзі ведаюць, што аўтарка трэці год намінуецца на Нобеля, ёй цяжка не зацікавіцца.
Але ж Sputnik любіць кнігарню збольшага за падшыўку часопісаў, многія з якіх можна набыць толькі тут: ад першых нумароў "Таймера" да нядаўніх — "Партызана". Адным словам, фетышысты — welcome.