МІНСК, 29 вер — Sputnik. Анансаванага канцэрту культавага амерыканскага метал-гурта Slipknot ў Мінску не будзе, паведамілі Sputnik ў канцэртным агенцтве "Канцэрт Хол Груп".
Калектыў павінен быў выступіць 31 студзеня 2016 года ў "Мінск-Арэне".
"Канцэрту Slipknot 31 студзеня ў Мінску не будзе. Абставіны непераадольнай сілы прымусілі нас разам з гуртом пайсці на гэты крок", — распавялі ў агенцтве.
Там таксама падкрэслілі, што зараз гурт здымае відэа з пасланнем сваім беларускім фанатам з выбачэннямі.
У "Канцэрт Хол Груп" параілі прыхільнікам гурта, каб пабачыць сваіх куміраў, наведаць канцэрт у Маскве, які адбудзецца 5 лістапада ў СК "Алімпійскі".
Паводле інфармацыі кампаніі, канцэрт быў адменены па тэхнічных прычынах: не ўдалося вырашыць пытанне з дастаўкай канцэртнага абсталявання з Масквы ў Мінск у сціснутыя тэрміны.
Slipknot — амерыканскі метал-гурт, утвораны ў 1992 годзе ў Аёве (ЗША). Калектыў вядомы тым, што яго ўдзельнікі на канцэртах, фотасесіях і інтэрв'ю носяць маскі і спецыяльныя камбінезоны. Зараз Slipknot гастралюе ў падтрымку пятага альбома 5: The Gray Chapter.