Алена Васільева, Sputnik
З рэжысёрам Стасам Турко сустракаемся ў перапынку паміж здымкамі — ён працуе над трэйлерамі да спектакляў тэатра юнага гледача і выкладае ў Мінскай кінашколе-студыі. Стас распавёў Sputnik пра лайфхакі, якімі можа скарыстацца рэжысёр-пачатковец, каб рэалізаваць свае творчыя амбіцыі і не разарыцца.
Так, на тэлефон можна здымаць фільмы
У фільме "Клеркі" усё дзеянне адбываецца ў адным магазіне — героі выязджаюць адтуль толькі адзін раз, і калі ты здымаеш фільм у такім фармаце, калі гэта эксперыментальная карціна, табе могуць выбачыць тэхнічную недасканаласць. То бок, калі не маеш ідэальнага абсталявання, дык здымай так, каб глядач падумаў, што некаторыя недахопы зробленыя наўмысна.
Зараз смартфоны здымаюць full HD, таму нават мабільнік можа замяніць камеру. Але тут трэба выканаць некалькі ўмоваў — патрэбнае добрае святло. Набудзьце некалькі крыніцаў святла, знайдзіце памяшканне без ветру, каб не трэба было марнаваць дадатковыя грошы на перазапіс гуку — і здымайце на тэлефон.
Галоўнае адрозненне камеры ад тэлефону ў тым, што тэлефон не дае магчымасці настроіць ISO, дыяфрагму, каб атрымаць нармальны кадр. Але ж калі ўлічыць, што сёння той жа Canon 650 каштуе столькі ж, колькі і тэлефон, дык ёсць сэнс набыць менавіта камеру.
Варта купіць добрыя аб'ектывы
Для таго, каб атрымаць добры малюнак, дастаткова набыць тры аб'ектывы — яны дазволяць выкарыстоўваць мастацкія рашэнні. Першы аб'ектыў — партрэтны, і тут лепш за ўсё падыходзіць стары зенітаўскі аб'ектыў. Дзесяць долараў прыйдзецца аддаць на кальцо, якое дазволіць замацаваць стары аб'ектыў на вашым новым Canon, за сам аб'ектыў на барахолцы аддасцё яшчэ трыццаць долараў — але ж атрымаеце якасныя кадры.
Для таго, каб здымаць такім аб'ектывам, трэба падрыхтавацца і зрабіць раскадроўку, але ж такі аб'ектыў канкурэнтаздольны з прафесійнымі кіношнымі. Другі аб'ектыў — шырокавугольны, але ж ён апцыянальны. Трэці аб'ектыў — доўгафокусны, ім можна здымаць дэталі.
Узрывайце дымавыя шашкі
Калі не ўпэўненыя, што можаце зрабіць добрыя спецэфекты — не рабіце. То бок, не варта звыш меры карыстацца праграмай Adobe Power Effect, зрабіць добрыя спецэфекты — задача прафесіянала.
Але ж некаторыя спецэфекты можна рабіць з самага простага матэрыяла. Паўгады таму я здымаў кліп на песню "Серебряной свадьбы" для конкурсу. У мяне была дым-машына, але ж дыму ў ёй было надта мала, і я папрасіў сяброўку знайсці той самы дым. Але ж яна не ведала, як менавіта ён выглядае, і таму набыла дымавую шашку, якую можна выкарыстаць толькі адзін раз. То богк падпаліў — і здымай, і гэта давала нам права толькі на адзіны дубль. У выніку немагчымасць дубляў аказалася нам на руку: усталявалася атмасфера такой эмацыянальнай напругі ў кадры, якой мы б не дасягнулі калі б мелі магчымасць паўтарыць.
Штатыў заменіць вам і манапод, і кран
Штатыў варта набыць — калі будзеце здымаць з рук, глядач адразу гэта заўважыць. Але ж штатыў зможа замяніць вам некаторыя іншыя дэталі абсталявання — варта прагледзець некаторыя ўрокі на youtube, зразумееце, як выкарыстаць штатыў нават у якасці крана.
Прафесіянал заўважыць, што абсталяванне непрафесійнае, але ж гэтага дастаткова, каб заявіць пра сябе — а пасля абсталяванне ўжо не будзе праблемай.
Крыніца святла — з лампы дзёнага свету
Без добрага света нічога не атрымаецца — хаця б адну крыніцу вам прыйдзецца выкарыстаць. Значна дапамагае так званы "адбівальнік", яго можна зрабіць і самому — калі ў вас ёсць машына, вазьміце плёнку, якой карыстаецеся, каб машыну не награвала сонца.
Яшчэ адной крыніцай можа стаць лампа дзеннага свету, і вуаля — у вас ёсць амаль прафісійная схема святла.
Не карыстайцеся гукам з камеры
Набудзьце мікрафон, які запісвае так званую атмасферу. Але ж здымаць трэба ў ціхім памяшканні, калі здымаеце ў кватэры, намагайцеся рабіць так, каб не было чуваць гуку ліфту, напрыклад. Найбольш просты мікрафон такога кшталту будзе каштаваць сто долараў. Можна запісваць гук асобна ў студыі пасля таго, як знялі фільм, але ж рэжысёр-пачатковец наўрад ці будзе працаваць з прафесійнымі акторамі, а пачаткоўцам надта цяжка будзе прайграць тыя ж эмоцыі нанова.
Калі вырашылі пісаць гук на студыі, а грошай няма, можна старацца дамовіцца на бартэр. Можаш манціраваць — зрабі студыі ролік і папрасі скарыстацца іх паслугамі.
Хай бармэн грае бармэна
Амбіцыі — і дар, і праклён кінематаграфістаў-пачаткоўцаў. Часам аўтар хоча зрабіць фільм дакладна так, як бачыць, але кінаперсанаж — сімбіёз задумы аўтара і гульні актора. Працуеш з пачаткоўцамі, зрабі так, каб яны гралі максімальна блізкіх да свайго жыцця герояў. Калі маеш знаёмага бармэна, хай ён і здымаецца ў якасці бармэна. Тады чалавек не будзе іграць, будзе проста жыць у сваёй звычайнай ролі.
Добрую параду дае Таранціна: ён прапаноўвае сваім героям тэму для размовы, а сам запісвае іх рэплікі. З гэтага і складаюцца вядомыя таранцінаўскія дыялогі, максімальна натуральныя.
Кава і печыва
Галоўная парада пачаткоўцам — не бойцеся прасіць дапамагчы. Кожны чалавек можа спатрэбіцца вам у пэўнай ролі, хаця б для таго, каб проста прынесці печыва на здымкі. Дарэчы, кава і печыва — тое, з чаго трэба пачынаць. Калі ў вас хопіць грошай набыць іх — пачынайце здымкі, альбо знайдзіце сябра, чыя маці напячэ вам тое ж печыва і зноў-такі — пачынайце здымкі.