Выбар, які зрабіў я, уключае чатыры спектаклі:
- «Латышскае Каханне» Алвіса Херманіса
- «Донка — пасланне Чэхаву» Льва Додзіна
- «Анегін» Цімафея Кулябина
- «Вораг Народа» Томаса Астэрмаера
Я б не змог паглядзець нешта яшчэ — на гэта ў мяне недастаткова часу. Некалькi пастановак з тых, што прапануе «ТэАрт», я ўжо бачыў: напрыклад, тую ж «Донку», праўда, у межах іншага фестывалю. Чаму я б параіў хадзіць беларускім гледачам наогул на ўсе спектаклі, якія прадстаўлены ў праграме фестывалю "ТэАрт"? Па той простай прычыне, што гэта тыя спектаклі, якія ўжо прывезены яму дадому. Ён наўрад ці будзе мець іншую такую магчымасць: убачыць думкі гэтых людзей, гэтых рэжысёраў.
Не кожны з нас можа дазволіць сабе паехаць у тэатр Schaubühne ў Берлін, ды нават у тэатр Льва Додзіна (Расія). Таму, вядома ж, трэба карыстацца магчымасцю, і хадзіць у тэатр як мага больш. Гэта пашырае светапогляд, кругагляд. Можна прыводзіць нейкія іншыя словы ў гэты шэраг, але сутнасць не мяняецца.
Мне вельмі цікава паглядзець на спектакль «Анегін», Цімафея Кулябина. Мы чуем водгукі крытыкаў, якія сцвярджаюць, што гэта вельмі разумны рэжысёр. І у канфлікце з гэтым існуе вядомы шырокаму колу гледачоў скандал, звязаны з яго пастаноўкай. Таму мне вельмі хочацца скласці цэласнае ўяўленне — наколькі ўсе гэтыя прэтэнзіі, якія прад'яўляе руская праваслаўная царква рэжысёру, могуць быць апраўданыя. Я разумею, што мы будзем глядзець крыху іншы спектакль, але гэта не замінае пабачыць сутнасць.
Да Астэрмаера каментары будуць залішнія — гэта сусветная велічыня, якая стаіць у спісе дзесяці людзей, якія зрабілі ўсё сучаснае аблічча еўрапейскага тэатра. На гэты спектакль вельмі складана трапіць нават у берлінскі Schaubühne. Я быў у Берліне некалькі разоў, але ў мяне так і не атрымалася трапіць на яго пастаноўку, а тут ёсць магчымасць паглядзець а «Ворага народа» дома. Больш за тое, ён мае інтэрактыўную форму, і ў канцы спектакля гледачам прапануюць выказаць сваё стаўленне, думкi наконт пытанняў, якія гучаць у спектаклі, і мне вельмі цікава на гэта паглядзець. Як беларускі глядач будзе рэагаваць на падобнага роду прапанову, на правакацыю адкрытых размоваў пра палітыку?
Што тычыцца спектакля Херманіса «Латышская каханне»: па-першае, гэты спектакль зроблены па дакументальных сведчаннях, а мне, у апошні час, вельмі цікавы менавіта дакументальны тэатр. Па-другое, Херманіс з'яўляецца адным з лідэраў у рабоце з рэалістычнай манерай стварэння спектакля.
Цікава паглядзець і на Додзіна, і тут больш нічога не дабаўлю. Гэта інсцэніроўка рамана, гэта не драматургія. І ўбачыць тое, як рэжысёры ставяць менавіта раманы — вопыт цікавы.
У цэлым, беларускаму гледачу я хацеў бы сказаць, што яму варта наведаць ўсю беларускую праграму. Таму што ў гэтым годзе яна шырокая. І можна знайсці даволі шырокі спектр цікавых спектакляў. Варта наведаць і тэатр лялек — гэта не проста казка пра Чырвоны Капялюшык. Гэта лепшыя спектаклі Аляксея Ляляўскага, якія вельмі правакатыўна цікавыя — тыя ж "Чайка" і "Тарцюф".
Запісала Кацярына Ажгірэй