Алена Васільева, Sputnik
З нацыі, што не надта трывала ведала, што там маляваў Шагал акрамя сваёй "Прогулки", беларусы нечакана для саміх сабе ператварыліся ў нацыю з грунтоўнымі ведамі — "літаграфія і афорт — не карціна", "у Далі трэба глядзець жывапіс" і "Шагал праяўляе сябе толькі ў колеры".
Напачатку Sputnik сачыў за крытыкай выставы з доляй задавальнення — здаецца, беларусы развілі ў сабе выкшталцоны густ. Але ж калі незадаволеных выставай стала крытычна шмат, мы пачалі сумнявацца — ці ж такімі казачнымі тэмпамі развіваецца агульнанацыянальная дасведчанасць у мастацтве, ці проста застацца незадаволеным Шагалам — новы спосаб прадэманстраваць сябе як "знатока" і "асобу".
Мы завіталі ў "Дом карцін" і папрасілі тлумачэння агульнабеларускай незадаволенасці ў дырэктара галерэі Ларысы Бортнік.
"Існуе нейкі глабальны недавер да сапраўднасці карцін, хоць для гэтага няма ніякіх прычынаў — як можна палічыць, што прафесійная галерэя такога ўзроўня возьмецца прывезці нешта нявартае ўвагі", — Ларыса Барысаўна рэакцыяй аўдыторыі на выставу шчыра здзіўленая.
Разам з групкай наведвальнікаў, якія прыйшлі сюда не толькі па Матыса, але і па бясплатную каву і месца ў кіназале па суседству, мы аглядаем сцяну, аддадзеную пад Далі і ягоную серыю ілюстрацый да "Божественной комедии" Данте.
"Усе працы былі запакаваныя ў спецыяльныя пакеты, на кожны ліст мы маем сертыфікат спраўднасці, які выпісаны ў вашынгтонскай галерыі. На Далі і Шагала сертыфікат выпісаны антыкварным магазінам Германіі", — тлумачыць спадарыня Ларыса.
Серыя "Божественная комедия" была замоўлена да семісотгоддзя Данте ў 1951 годзе — італьянскім урадам. Мастак працаваў дзевяць гадоў і стварыў па адной акварэлі да кожнай з тысячы радкоў паэта. У далейшым, па замове французскага выдаўца Жозэфа Форэ, гэтая серыя была ўвасобленая ў графіку, што запатрабавала 55 месяцаў працы і 3,5 тыс. драўляных дошак для вырабу пяці тысячаў гравюраў. Да гэтага часу лічыцца, што яны валодаюць колерам вялікай якасці, што максімальна набліжае графіку да жывапісу.
"Графіка сама па сабе прадугледжвае тыраж, — тлумачыць дырэктар "Дома карцін". — Але ж любы графічны адбітак — аўтарская праца. Калі мы пытаемся ў мастака: ты зрабіў афорт на метале, а вось гэты адбітак — гэта таксама твая праца? І ён адказвае — мая. Нават у тым выпадку, калі адбітак мастак рабіў не самастойна — часам за яго гэта робяць вучні ці супрацоўнікі тыпаграфіі".
Чую "літаграфія" — думаю "падробка"
Нейкае глыбокае ўласна нацыянальнае адчуванне асабістай другаснасці прымушае нас ва ўсім шукаць падвох: калі ўжо і давезлі да нас Матыса, дык, пэўна, несапраўднага. Мы папрасілі дырэктара "Дома карцін" патлумачыць, чаму літаграфія не ёсць падробка і навошта Матыс займаўся дэкупажам.
— У большасці мастакоў няма вузкай напраўленасці. Той жа Далі праявіў сябе і ў колеры, і ў графіке — можна казаць пра шырыню ягонага таленту. А Матыс хоць і быў жывапісцам, але займаўся і дэкупажам. Калі вы не бачылі аплікацый Матыса, з гэтага не вынікае, што іх не існавала да таго, як мы іх вывесілі.
Абмежаваць мастака немагчыма, звычайна скульптары — выбітныя графікі, да таго ж і ў жывапісу шмат у якіх стылях аснову складае малюнак, — тлумачыць Ларыса Барысаўна, упэўненая, што сам факт з'яўлення ў Менску выставы мастакоў такога ўзроўня — добрая нагода для пачатку самаадукацыі. Каб з выставы выходзіла меней расчараваных гледачоў, мы папрасілі Ларысу Бортнік пра невялічкі майстар-клас у падрыхтоўцы сябе да знаёмства з не-гадзіннікам Далі і не-прагулкай Шагала.
"Зараз інтэрнет дае неверагодныя магчымасці. Збіраешся на выставу — зазірні ў сеціва, паглядзі, што цябе чакае. Хай на выставе ты пабачыш нешта іншае — не самыя вядомыя працы творцай, але ж пачні з падрыхтоўкі, даведайся, што Далі — не толькі жывапіс. Мы жывем не ў тыя часы, калі кнігі прыходзілася везці з Піцера, з букіністычнага магазіну — кілаграмамі — сюды. Падчас маёй вучобы нам прыносілі ў аўдыторыю кніжку з рэпрадукцыямі — і гэта быў адзіны спосаб іх пабачыць.
Дадам только, што, калі мы адкрывалі каробкі з работамі, надта хваляваліся, бо тым самым датыкаліся да творцы. І нашым гледачам параю, стоячы ля твору мастака, вучыцца глядзець моўчкі. Каб размаўляць з мастаком, трэба падняцца на ягоны ўзровень".