МІНСК, 8 кас — Sputnik. Першы ўрок, прысвечаны творчасці Уладзіміра Ліпскага, прайшоў у школе №136 з тэатральным ухілам для вучняў 2-3 класаў, перадае карэспандэнт Sputnik з месца падзей.
Адкрытыя ўрокі "Чытаем па беларуску" ладзяцца з удзелам знакамітага вядоўцы праграмы "Падарожжы дылетанта" Юрыя Жыгімонта, які выступае ў ролі настаўніка.
"Чуб ільняны, светла-русы, хто мы з вамі?"-пытаецца Жыгімонт. "Беларусы!"- адказваюць дзеці і ўрок працягваецца.
На першым уроку вучні мінскай школы пазнаёміліся з паэтэсай Раісай Баравіковай.
Баравікова загадвала дзецям загадкі з часопіса "Вясёлка", дзе Ліпскі працаваў галоўным рэдактарам. Паэтка спадзяецца, што ў хуткім часе дзеці не толькі будуць чытаць, але і загавораць па-беларуску.
Дырэктар школы выступіла з прапановай да прадстаўніка кампаніі Velcom Вячаслава Смірнова зрабіць адмысловыя тарыфныя планы для тых, хто размаўляе па-беларуску.
Гэта першая ініцыятыва, падчас якой навучаць роднай мове дзяцей плануюць не па падручніках, а праз жывую гутарку з пісьменнікамі.