Алена Васільева, Sputnik.
Да таго, як у нас з'явілася Алексіевіч, беларусаў гадамі прасілі разрадзіцца-ткі вялікім паўнавартасным раманам, каб вывесці літаратуру на сусветны ўзровень. Зміцер Магілёўцаў ўсё зрабіў наадварот — пераклаў творы Толкіна на беларускую мову і імплантаваў тым самым сусветную літаратуру — ў беларускую. У 2002 годзе свет пабачыў "Хобіт, або вандроўка туды і назад", у 2008 — першы том "Уладара пярсцёнкаў" — "Зьвяз пярсцёнка", за ім пайшлі яшчэ дзве часткі трылогіі.
Магілёўцаў — спецыяліст па квантавай оптыке, акрамя Толкіна, ён перакладаў Стэйнбека, Хэмінгуэя, Брахарца. Доўгі час ён быў супрацоўнікам Інстытута фізікі НАН Беларусі, жыў у Бразіліі, працаваў у Англіі, Даніі і Чэхіі, а падчас, калі Sputnik звязаўся са Зміцерам, каб распытаць пра ролю "Хобіта" ў яго жыцці, Магілёўцаў ужо з'ехаў з Мінску ў камандыроўку ў Сан-Паўлу, дзе выкладае ва ўніверсітэце.
"Была ў зямлі дзірка…"
- Здаецца, што ніякіх карысных матываў, перакладаючы Толкіна на беларускую, пераследваць нельга. Вы рабілі пераклад дзеля чыстай любові да мастацтва ды хобіта?
— Цяпер я не магу згадаць ні на адзіную разумную нагоду, з якой мы з Крысцінаю ўзяліся сядзець тры гады над перакладамі. Напэўна, было яно, як у альпіністаў. Іду на гару, бо яна ёсць, і ёй пашанцавала (ці не) патрапіць мне на вочы. І не тое, каб я сніў пра Толкіна, ці гойдаўся па лясах, загарнуўшыся ў штору ды з дзюралевым мячом на пасе. Ну, цікавіўся. Ну, свярбела. І падавалася, што беларускаю моваю фантазійны твор перакладаць самае то. Спачатку на пробу пераклалі мы некалькі вершаў (дзякуй табе, добры часопіс "Першацвет"!)
- Няўжо ні разу не было жадання кінуць усё напаўшляху, калі казаць пра "Хобіта", дык на шляху "туды"?
— Дзякуй Крысціне за тое, што майго наіўнага энтузіязму хапіла не на пару першых раздзелаў, а на суцэльнага "Хобіта". Бо як жа адступаць, калі з табою вырашыла супрацоўнічаць не проста філолаг, а рэдактар самога "Роднага слова"? А пасля таго, як нейкім чараўніцтвам з'явіўся на божы свет "Хобіт", "Уладар" ужо быў справай цалкам вырашанай. Бо мы паверылі ў цуды (чаму дапамог найцудоўнейшы аматар Толкіна й энтузіяст родных моў Ігар Хазанаў). І нават дзівосныя ўласцівасці беларускіх кніжных спраў нас не спынілі.
Карацей, здарылася ўсё, таму што была ў зямлі дзірка, але ж не проста дзірка, а нара, і жыў у ёй хобіт.
Увогуле беларусы вартыя таго, каб на іх мове выдавалася як мага больш папулярнай літаратуры — масава й аператыўна. Варта перакладаць класіку й лаўрэатаў, перакладаць новыя хіты, перакладаць як мага болей, ад Дэйла Карнегі да "Імя ружы".
- А беларуская мова ўвогуле прыдатная для фентезі? На рускіх перакладчыкаў чытачы часта абураюцца — маўляў, і імёны перакладзены нязграбна, і нават з назвай праблемы…
— Мова для гэтага не толькі здатная, а нават і прыстасаваная на дзіва, бо архаічная як раз у патрэбнай ступені. Бо тое, што ў расейскай падаецца цалкам вычварным, штучным, нягеглым дый смешным, у айчыннай гучыць шляхетна. Праблемы якія былі? Вой, бацюхны мае. Вы зірніце на толкінаўскія вершы. Там жа кожны склад звініць, дый не проста, а ў лад з суседзямі злева, справа, вышэй і ніжэй, а часцяком і за тры радкі.
Беларускі пераклад песні з кнігі
Куфель — хрэсь, талерка — дзінь!
Гні відэлец, нож папсуй!
Ды ў сцяну бутэлькай кінь!
Місак, лыжак не шкадуй!
Рэж абрусы, тлушч — на стол!
Гарлачом аб ганак — трах!
Косткі — пацуку ў падпол!
Плюх — віно па ўсіх кутах!
Чарапкі ў кацёл кідай!
Ломам іх паварушы,
На падлозе прасушы —
Ды на сметнік выграбай!
Вось дзе жахі, вось дзе страх!
Стогне Більба — «вох» ды «ах»!
З імёнамі быў суцэльны жах. Спрачаліся ледзь не да гвалту й рокашу. Дый і сам тэкст зусім не просты. Падаецца, што Толкін чуў тэкст, які пісаў. Ён цалкам натуральны, ён пругкі й звонкі, і надта лёгкі. А часамі робіцца нібыта спевам, як, напрыклад, у апісанні бітвы на Пеленорскім поле. Мы жадалі зрабіць гэтакім жа й тэкст перакладу. Менавіта таму мы вырашылі выкарыстаць прозвішча й назвы, якія б гучалі не цалкам іншамоўнымі.
Трансфармацыя фізіка
- Кніжка выйшла невялікім накладам, а цяжка было знайсці выдаўца для рэалізацыі такой цалкам станоўчай місіі на карысць калі не чалавецтва, дык беларусаў?
— Што б казаць гэтакае, каб не вылаяцца? Мая наіўнасць сорамна й цяжка памерла яшчэ падчас бітвы за выданне "Хобіта". Аднак, з узростам робішся крыху спакайнейшы. Аптымізму болей і бачыш далей. Увогуле, файны народ, гэтыя выдаўцы. Добрыя людзі-бізнесоўцы. Увасабленне беларушчыны. З адметнай камерцыйнай чуйкаю.
А вось да продажу аніякага дачынення не маю. Няўжо што яшчэ прадаецца? Выдавалі мы з амаль голага альтруізму, дый дзякуючы Ігару Хазанаву й ягонаму звязку "ТТТ", які выдаваў талкініану. Наклад такі, на які нас хапіла. Калі яшчэ прадаецца, то відавочна, наклад дастатковы для Беларусі.
- Здаецца, сыход фізікаў у літаратуру становіцца ўжо тэндэнцыяй — больш за тое, іх кніжкі надта паспяхова прадаюцца, выдаюцца. Не было жадання зусім кінуць навуку і стаць "прафесійным пісьменнікам"?
— Фізікаў, якія сыходзяць, не люблю. Бо захрас і не сыходжу. Уявіце сабе, што я — гэтакі тыповы прафесар у акулярчыках, з брушкам дый бясконцым жаданнем забіваць вушы расповедамі пра пераблытаныя фатоны дый рэканструкцыю квантавых станаў. Цяпер вось катую лацінскіх маладзёнаў, асабіста аднаго драпежнага эквадорскага мача з касою да паса; дарэчы, я так і не зразумеў, навошта чалавеку, які мог бы здымацца ў рэкламе "Хьюга Босс", вывучаць квантавую механіку.
І мне цяжка бачыць тых, хто кінуў справу, каб прафесійна хлусіць, ператвараючы рэчаіснасць у тэксты — асабіста ж таму, што спакуса знаёмая. Вядома, што ў навуку ідуць адзінкі, бо занятак патрабуе часу, наяўнасці грошаў дый пэўнай дурнаватасці. Таму студэнты-фізікі кім толькі не рабіліся. У тым ліку й небаракамі, які выціскаюць грошы са слоў.
Або зусім не небаракамі, а магутнымі зоркамі, як, напрыклад, былы калега-фізік Андрэй Жвалеўскі. Цяпер ён неверагодна ўладарыць думкамі. Мой сын абмаляваў мне прэзентацыю монстрамі, прачытаўшы кніжку "Здесь вам не причинят никакого вреда".