За МКАД: мяняем Мінск на Жыліхіва (без даплаты)

© Photo : з блогу Edutopia.byДзень перамогі ў школе
Дзень перамогі ў школе - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Год таму два мінчукі – Зміцер Макарчук і Сяргей Бародзіч – з'ехалі з Мінску ў мястэчка Жыліхава недалёка ад Слуцку, каб падымаць вясковую школу. Ды не спадабаліся мясцовай адміністрацыі.

Ева Шэлань, Sputnik

У межах праекту "Ці варта мінчуком звацца" мы будзем гаварыць з тымі, хто нарадзіўся за МКАДам і не збіраецца змяняць сваёму Берасцю/Навагрудку дзеля статуса "панаехаўшага".

Мінчукі "не ко двору"

Год назад Зміцер Макарчук з сябрам Сяргеем Бародзічам вырашылі жыць і працаваць дзеля памнажэння дабра калі не ў свеце, дык у асабіста ўзятай вясковай школе. Знайсці школу, гатовую атрымаць дапамогу ад самаадданых сталічных настаўнікаў, аказалася на дзіва цяжка, але ж у жніўні, амаль напачатку навучальнага года, сябрам удалося ўладкавацца ў вясковай школе ў Жыліхава. Зміцер — выкладаць беларускую мову і літаратуру, яго сябра прызначылі настаўнікам рускай мовы. Пра свае поспехі ў замкадаўскай адукацыі настаўнікі распавядалі ў адмыслова створаным блогу — http://edutopia.by/, з якога падпісчыкі і даведаліся, што напрыканцы вучэбнага году сяброў папрасілі сысці са школы.

© Photo : са старонкі ў сацсетцыЗміцер Макарчук
Зміцер Макарчук - Sputnik Беларусь
Зміцер Макарчук

Адміністрацыя амаль з самага пачатку ведала пра наяўнасць блога і не мела нічога супраць. "Цяжка нешта хаваць у сеціве, мы і не намагаліся", — паціскае плячыма Зміцер Макарчук. Напачатку дырэктар школы не мела нічога супраць блогу, але з цягам часу змяніла сваёй талерантнасці.

"Канфлікту з настаўнікамі школы не было — ён быў выключна з адміністрацыяй. Ёй не падабалася наша бурная дзейнасць, мерапрыемствы, якія мы ладзілі, іх колькасць. Усё гэта прымушала варушыцца, а адміністрацыя прызвычаіліся сядзець на месцы. Таму яны падумалі, што калі паспрабаваць прыбраць аднаго з нас, дык другі сыдзе сам. Мы цэлы год працавалі над іміджам, з якога вынікала, што куды я, туды і сябра Сяргей", — распавёў нам суразмоўца.

Калі мы звязаліся са Змітром, ён ужо знайшоў новую працу — у гарадскім пасёлку Чырвоная Слабада, куды яго ўзялі выкладаць літаратуру і мову амаль адразу пасля звальнення з Жыліхаўскай школы.

"У доме насупраць жыве былы дырэктар жыліхаўскай школы, які некалькі год працаваў настаўнікам у той самай школе ў Чырвонай Слабадзе. Ён сказаў за нас некалькі словаў, яму паверылі, бо гэта чалавек з добрай рэпутацыяй і абы за каго брацца не будзе, і нас запрасілі выкладаць туды. Адміністрацыя адразу пазнаёмілася з нашай дзейнасцю — прачытала блог і пагадзілася. Папрасілі толькі, каб пра ўсю нашую актыўнасць мы распавядалі непасрэдна адміністрацыі", — распавядае Зміцер і ўдакладняе, што ягоная новая школа па ўсіх паказчыках не вясковая, а гарадская — па колькасці і настаўнікаў, і вучняў. Калега Сяргей застаўся ўпарта падымаць жыліхаўскую школу.

Зміцер лічыць, што ягоная дзейнасць асабліва не падабалася не столькі школьнай адміністрацыі, колькі раённай — маўляў, там за сталічнымі настаўнікамі сачылі больш пільна. "У мяне больш кропак, за якія можна зачапіцца, чым ў майго сябра. Па-першае, у мяне няма вышэйшай адукацыі, зараз я студэнт апошняга курса віленскага ўніверсітэта. Па-другое, я выйшаў на замену жанчыны, што была ў дакрэце, якая, праўда, сыходзіла са словамі "ніколі не вярнуся". Настаўнікі распавядалі, як дырэктар школы тэлефанавала той жанчыне і ўпрошвала, каб тая выйшла на працу. Выйшла яна не надоўга — на два тыдні — але гэтага часу хапіла, каб мяне звольніць", — распавёў Sputnik былы жыліхаўскі, а зараз — чырвонаслабадскі настаўнік.

Без бою

Нельга сказаць, каб настаўнікі былі значна здзіўленыя сваім становішчам. Кажуць, ведалі, куды ішлі.

"Мы разумелі, што сістэма не надта гуманная, і былі гатовыя да нечаканых паваротаў. Мы разумелі, што прыезд карэспандэнтаў да нас у вёску не застаўся без увагі. Але мы не пазіцыянуем сябе як людзей, якіх сістэма намагаецца выпхнуць — нас адразу ўзялі ў іншую школу, працягваем працу. У Жыліхаве знайшлі хату, якую нам аддаюць на ўмовах, каб мы за ёй даглядалі, а з інтэрнату нас выселілі адразу пасля першай крытычнай публікацыі", — тлумачыць Зміцер і распавядае пра некаторыя карысныя навыкі, якімі надзяліла яго гадавое жыццё ў інтэрнаце.

"Напачатку мы скардзіліся, што не можам прапаліць хату і запаліць кацёл, але калі твае ногі прымярзаюць да падлогі, пачынаеш вучыцца таму, што ўмее вясковы чалавек ад нараджэння", — распавядае настаўнік пра свой шлях станаўлення сапраўдным жыліхаўскім жыхаром і дадае, што ўмовы, у якіх даводзіцца жыць, не такія ўжо і дрэнныя — ёсць бойлер, а значыць, і гарачая вада. З Мінску прывезлі, што маглі — халадзільнік, мікрахвалёўку, інтэрнет у іх таксама ёсць.

"Таму нашае жыццё адрозніваецца толькі тым, што трэба паліць печ. На выходныя ездзім у Мінск, адтуль можам узяць усё, што патрэбна. Нейкага печыва можна набраць там, а малако і тварог купляем тут ", — тлумачыць спадар Зміцер.

Мы выказваем здагадку, што самая значная праблема жыліхаўскага жыцця не ў адсутнасці печыва, а ў тым, што ў мястэчку няма нічога, акрамя пошты ды аднаго магазіна, але ж Зміцер запэўнівае, што сумаваць не прыходзіцца.

"Два разы на тыдзець — секцыя па валейболе, яшчэ раз — музычны гурток, і гэтага нам дастаткова, часта нават не паспяваем — рыхтуемся да ўрокаў, расклад насычаны, кожная гадзіна распісаная. Мы гатовыя працаваць, мы разумеем, што перарабіць на прыкладзе адной школы ўсю сістэму адукацыі немагчыма, таму наша блакітная мара — прыватная школа. Пакуль мы можам тут абкатаць нашую дзейнасць. Калі на Беларусі з'явіцца магчымасць адкрываць прыватныя школы з асобнымі вучэбнымі праграмамі, тады мы паспрабуем яе рэалізаваць".

З Жыліхава Зміцер не з'язджае, хоць і змяняе месца працы: "Мы ведалі прозвішча і імя кожнага вучня — іх у школе сорак чалавек. Натуральна, што да дзяцей надта прывязваешся, і гэта быў аргумент за тое, каб застацца жыць у Жыліхаве".

Стужка навiн
0