Ася Паплаўская, Sputnik.
У калекцыі заснавальнікі HONAR брэнда Павел Доўнар і Карына Адзесенка развілі ідэю, што з'явілася год таму падчас паказу на Беларускім тыдні моды: шыць сучаснае зручнае адзенне з нацыянальным характарам.
Магчымасць набывать стыльную вопратку з беларускім каларытам у беларускіх моднікаў з'явілася два гады таму. Менавіта тады Павел і Карына вырашылі, што суайчыннікам неабходныя рэчы для штодзённага жыцця, якія б нагадвалі, што яны беларусы. Усё пачалося з вышытых на кашулях арнаментах. Гэтая асаблівасць стала галоўнай фішкай брэнду.
У свежай калекцыі больш мужчынскай вопраткі: кашулі, пінжакі, штаны, саколкі. Але прысутнічае адзенне і для жанчын: сукенкі, кашулі ды штаны. У каментары для Sputnik Карына Адзесенка адзначыла, што мужчынскай вопраткі больш, чым жаночай, бо апошнюю каманда не так даўно выпускала.

"Наогул гэта павінна была быць цалкам мужчынская лінейка, але падчас працы да нас прыйшло некалькі ідэй і мы дадалі ў калекцыю крыху жаночай вопраткі", — патлумачыла суразмоўца.
Стваральнікі брэнду адзначаюць, што лінейка павінна давесці беларусам, што ім ёсць чым ганарыцца.
"Наш брэнд рухаецца ў кірунку вытворчасці сучаснага беларускага адзення, якое можна насіць штодзень. Сёння мы выпускаем поўныя камплекты вопраткі, каб у чалавека не было праблем, што з чым спалучаць, штодзень насіць беларускае, сучаснае і стылёвае. Мы плануем пашыраць асартымент і не засяроджваць увагу толькі на арнаменце, але працаваць і над папулярызацыяй іншых элементаў строяў, што былі на тэрыторыі Беларусі. Праз сваю дзейнасць мы хочам, каб цікавасць да беларускага ўзрастала", — адзначае Павел Доўнар.
Для пашыву вопраткі выкарыстоўваюцца пераважна натуральныя матэрыялы: бавоўна, лён ды віскоза. Амаль на ўсіх мадэлях адзення прысутнічае беларускі арнамент, які размяшчаецца як у звыклых месцах, так і ў нестандартных, напрыклад, на гузіках ці локцевых латках. Пры выкарыстанні аўтэнтычных сімвалаў і стварэнні калекцыі аўтары кіраваліся далікатнасцю і мінімалізмам.


Вопратка даступная любому беларусу. Дыяпазон коштаў на прадметы новай калекцыі — ад 500 тысяч да 1 400 тысяч. "У прынцыпе, што-небудзь можа сабе набыць любы беларус. У нас таксама шмат аксэсуараў, яны значна танней", — лічыць Карына Адзесенка.