МІНСК, 16 кас — Sputnik. Прэзентацыя кніг па гісторыі ў кавярні праходзіла ўпершыню. Падчас прэзентацыі аўтары распавядалі пра свае творы, ладзілі з наведвальнікамі бару Beer&Wine дыскусіі на гістарычную тэматыку ў сяброўскай атмасферы.
У мерапрыемстве ўзялі ўдзел гісторыкі Дзмітрый Матвейчык і Мікалай Плавінскі, аўтары кніг па ваеннай гісторыі.
"У першую чаргу мы прадстаўлялі апошнюю кніжку з серыі "Беларусь і войны" "Бітва на Нямізе", а ўвогуле тут ёсць кнігі, якія выходзілі за апошнія 3-4 гады па ваеннай гісторыі, археалогіі. Мерапрыемства досыць цікавае, таму што людзі ёсць, яны праяўляюць зацікаўленасць. Гэта скажам так эксперымент, таму што і кавярня новая, і такога парадку імпрэзы мы раней не праводзілі, звычайна такія мерапрыемствы ладзяцца ў бібліятэках ці музеях", — распавёў карэспандэнту Sputnik аўтар кніг, гісторык Мікалай Плавінскі.
Ён адзначыў, што такі нефармальны фармат прэзентацый мае права на жыццё, "бо калі нейкія паэтычныя імпрэзы і гэтак далей ладзяцца ў кавярнях, то чаму б не ладзіць гістарычныя імпрэзы ў тых жа самых кавярнях".
"У Мінску былі калісцьці спробы нешта падобнае рабіць, але яны звычайна неяк не выжывалі. Сёння мы прэзентавалі кнігі па гісторыі ўпершыню, але спадзяюся, што гэта стане добрай традыцыяй не толькі ў фармаце прэзентацыі кніжак, але і ў фармаце нейкіх размоў пра гісторыю ў самых розных яе аспектах", — дадаў Плавінскі.
Падчас мерапрыемства адбылася прэзентацыя сямі кніг па ваеннай гісторыі з серыі "Беларусь у войнах" Аўтары распавялі пра кніжныя серыі, пра кнігі, зладзілі дыскусію на тэму "Бітва на Нямізе", самі кнігі можна было набыць з вялікі знішкамі, амаль да 50% і падпісаць іх у аўтараў.
"Усё гэта мы спалучылі з півам, каб было весялей. Усё прайшло добра, усе набылі кніжкі, папілі піва і далучыліся да гісторыі", — распавёў арганізатар мерапрыемства Уладзімір Плавінскі.
Па словах арганізатараў такія мерапрыемствы плануецца ладзіць раз на месяц. Тэматыка дыскусій — гісторыя, археалогія, гістарычная рэсканструкцыя, эпоха сярэднявечча.