Юлія Хвошч, Sputnik.
Падчас заняткаў педагогі выкарыстоўваюць прыродныя матэрыялы, прычым толькі тыя, што прырода аддае ўвосень добраахвотна, распавяла Sputnik менеджэр праекта Лізавета Каўцяк.
Па словах арганізатараў, галоўная мэта акцыі — даць магчымасць дзецям пазнаёміцца бліжэй з прыроднымі формамі, разглядзець тэкстуры, колеры, якія існуюць менавіта ў беларускай прыродзе, а таксама далучыць дзяцей да мастацтва і працэсу яго стварэння.
"Мы імкнемся сфарміраваць погляды дзяцей на навакольнае асяроддзе такім чынам, каб яны ў простых прыродных формах ужо пачыналі бачыць сапраўдныя творы мастацтва і ведалі, як іх ператвараць без шкоды і небяспекі для прыроды, зрабіць дзяцей бліжэй да экалогіі", — распавядае Каўцяк.
Курс па эка-арту складаецца з чатырох заняткаў, кожнае з якіх ладзіцца па чацвяргах а 16-й гадзіне і суботах а першай.
Група разлічана на 10-15 чалавек, педагогам дапамагаюць працаваць валанцёры, таму кожнае дзіцяці атрымае дастатковую колькасць увагі.
Першы занятак быў прысвечаны экалагічнаму прынту — дзеці спрабавалі маляваць без пэндзляў, рабіць цікавыя кампазіцыі.
Другі блок — заняткі па лэнд-арту, пройдуць 22 і 24 кастрычніка. Дзяцей будуць вучыць мастацтву трансфармацыі прыродных аб'ектаў, праз творчыя практыкі пераўтварыць ландшафт у цуд, ствараць арт-аб'екты з прародных матэрыялаў, аднавіць страчаную сувязь з прыродай. Заняткі будуць праводзіцца на вуліцы, каля Цэнтра сучасных мастацтваў
"Педагогі разам з дзеткамі з лісця і галінак будуць ствараць творы мастацтва. Магчыма, будуць размалёўваць лісце фарбамі і нанова ўключаць іх у прыродны кантэкст. Галоўнае, каб гэта было нешта такое, што можна было б лёгка змяніць, далучыць гэта ў прыродную прастору", — распавядае куратар праекта.
Часта лэнд-арт звязаны з вельмі малымі формамі, асабліва калі ім займаюцца дзеці. Для маленькіх мастакоў будзе зладжаны майстар-клас па фатаграфіі і кожнае дзіця сам сфатаграфуе з розных ракурсаў той твор мастацтва, які ён задумаў.
29 і 31 кастрычніка заняткі прысвечаны дэкаратыўна-прыкладному мастацтву з прыродных формаў.
"Адкрыю сакрэт — хутчэй за ўсё мы будзем ствараць кампазіцыі з вянкоў, каб упрыгожыць свой дом. Кожнае дзіця зможа да нарыхтоўкі дадаць нешта новае. Вядома, усё будзе з натуральных матэрыялаў, і кожны ўдзельнік забірае свой выраб, амаль твор мастацтва, сабе дадому", — распавяла Лізавета Каўцяк.
Апошні блок заняткаў — самы цікавы. Дзяцей навучаць рабіць маленькія чароўныя садкі ў слоіках — ствараць кампазіцыю з раслін, моху, шышак і каменняў, заняткі пройдуць 5 і 7 лістапада.
"Прырода — наш дом, а мы ставімся да яе надта спажывецкі, а трэба ставіцца больш творча, захоўваючы яе. Падчас нашых заняткаў мы не выкарыстоўваем нічога, што было гвалтоўна выключана з навакольнага асяроддзя, але толькі тое, што прырода аддае сама ў пэўны момант. Хацелася б, каб дзеці ставіліся да прыроды як да галоўнага твора мастацтва", — падкрэсліла Лізавета Каўцяк.
Курс ладзіцца сумеснымі намаганнямі "Дзіцячых экалагічных майстэрняў" і Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў і разлічаны на дзяцей 6-12 гадоў.