МІНСК, 22 кас — Sputnik. Даследванне, прысвечанае ўсім перапетыям жыцця Марка Шагала ў Віцебску ў 1918-1920 годзе, напраўлена ў тыпаграфію ў Вільнюсе. Аўтар кнігі пра Шагала з лаканічнай назвай "Родина. Марк Шагал в Витебске" Віктар Марціновіч прадставіць некаторыя вынікі даследвання шагалаўскай творчасці — але не саму кнігу — у Берасце 31 кастрычніка.
"Я доўга думаў над адным вычарпальным словам, якое б перадало ўсю паўнату таго, што здарылася з Шагалам у 1918-1920-м гадах у горадзе, які так змучыў яго. Словам-прэфіксам, якое б азначала менавіта гэта — "Марк Шагал в Витебске", — не патрабуючы дадатковых тлумачэнняў.
Слова, як гэта заўсёды бывае, прыйшло само сабой, калі я ўбачыў міліцэйскія фуражкі на той самай прэзентацыі "Мовы" ў Гародне. Радзіма. Гэта ўсё называецца — Радзіма. Радзіма б'е цябе, але робіць цябе табой. Радзіма не заўважае цябе тады, калі ты ўжо збіраеш натоўпу на вернісажах ў Парыжы. Радзіма смяецца ў спіну. Радзіма прымушае цябе сціскаць кулакі, назіраючы за параксізмамі непрабіўнога глупства. Гэта ўсё — Радзіма", — тлумачыць Марціновіч выбар назвы для кнігі.
З нагоды надыходзячага рэлізу кнігі мы ўспомнілі некалькі фактаў з біяграфіі Шагала, якія вычарпальна тлумачаць узаемаадносіны мастака з радзімай — да таго моманту, як у іх ўзаемаадносіны ўклініўся "Белгазпромбанк", купіўшы карціны Шагала з аўкцыёна Christie's.
- Шагал рэжэсіраваў першае святкаванне Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Віцебску. Мастак не стрымліваў сябе ў эстэтычных рамках і дзейнічаў так, нібыта ўпрыгожваў не савецкі горад, а еўрапейскую сталіцу. Дызайн горада быў авангардны — папугаі, арлекіны, клоўны, прадстаўнікі працоўнага класа, апранутыя ў чырвоныя сукенкі. Пасланне яго не было належным чынам атрымана і зразумела. Людзі смяяліся над папугаямі, газеты апублікавалі супярэчлівыя справаздачы і гарадскія ўлады абвінавачвалі яго ў марнавання занадта вялікіх сродкаў на свой "незразумелы вэрхал".
- Шагал заснаваў у Віцебску мастацкую школу, але ж пасля чаргі канфліктаў кіраванне школай пераняў Малевіч. Большасць працаў Шагала былі папросту знішчаныя самімі жа студэнтамі школы, якія выкарыстоўвалі іх дзеля ўласных карцінаў — проста беручы за аснову шагалаўскае палатно. Хутка пасля сыходу са школы імя Шагала было выкрэслена з гісторыі Віцебска і Беларусі.
- Апошняя публікацыя ў савецкай беларускай прэсе, у якой згадвалася імя Шагала, была ў 1929 годзе. Пасля гэтага і да 1987 года ў гісторыі віцебскага мастацтва не існавала такога мастака, як Шагал.