МІНСК, 22 кас — Sputnik. Эколагі прапануюць беларусам адзначыць Міжнародны дзень без паперы "здаровым" эксперыментам.
Мяняць саджанцы на макулатуру будуць у суботу 24 кастрычніка актывісты з супольнасці "Зялёная сетка" і руху "Зялёны дазор", акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня без паперы, які адзначаюць у чацвёрты чацвер кастрычніка.
"Вось цяпер сядзім, глядзім на рэакцыю ў інтэрнэце і гадаем, ці хопіць нам тыя 50 саджанцаў, якія мы падрыхтавалі", — прызналася ў інтэрв'ю Sputnik event-менеджэр "Зялёнай сеткі" Ганна Дапшэвічутэ.
Акрамя таго, эколагі абвясцілі конкурс на самую арыгінальную ідэю, як яшчэ можна адысці ад выкарыстання паперы. Аўтару лепшай ідэі абяцаюць прыз.
Далучыцца да "здаровага" руху можна і дыстанцыйна, сцвярджаюць эколагі. І прапануюць некалькі правераных спосабаў "папяровай" эканоміі:
- захоўваць дакументы ў электронным выглядзе і карыстацца электроннымі календарамі;
- пры друку на друкарцы па магчымасці карыстацца чарнавікамі;
- выбіраць для чытання электронныя кнігі ці больш актыўна ўдзельнічаць у буккросінгу.
"Нарэшце, было б выдатна, калі б вытворцы тавараў і паслуг замест 500 улётак, якія яны раскідваюць па паштовых скрынях, вывешвалі адну — да прыкладу, ў ліфта", — заявіла Дапшэвічутэ.
Аб іншых спосабах "здаровай" эканоміі паперы можна будзе даведацца ў суботу 24 кастрычніка на акцыі "мяняем макулатуру на высадак", якая адбудзецца з 12.00 да 15.00 у сталічным кафэ "Beetlejuice".