МІНСК, 22 кас — Sputnik. Бар "ДК", любімае месца паэтаў, музыкаў і простых патэнцыйна творчых людзей, спыняе сваё існаванне. За год жыцця бара тут выступілі з імпрэзамі дзесяткі паэтаў, якія зараз пэўна пішуць на бар эпітафію і топяць сваю тугу па ДК за яго барнай стойкай.
Паэтэсса Юлія Ліж распавяла Sputnik, чаму галерэя Ў і антыкафэ не заменяць ёй утульнай атмасферы ДК і дзе цяпер шукаць шчасця і долі маладому паэту.
"ДК у маёй памяці застанецца самай паэтычнай прасторай у горадзе. Калі ён толькі адкрыўся, там прайшла прэзентацыя майго зборніку, мой першы выступ наогул, і на канцэрт натхнілі менавіта сцены і людзі, якія там працавалі. З таго часу для мяне гэтае месца стала домам і разам з тым — нечым чароўным, незямным. Мне цяжка казаць пра альтэрнатыву — ёсць і антыкафэ, і музеі, дзе збіраюцца розныя прадстаўнікі паэтычных суполак, але ж для мяне гэта надта акадэмічна. Не адчуваеш свабоды, няма жадання рабіць нешта вар'яцкае, не адчуваеш выкліку. Я спрабавала выступаць на такіх пляцоўках, але ж там ты сустракаешся з людзьмі, якія прыйшлі з адмысловай мэтаю — паслухаць паэзію. Табе не трэба намаганняў, каб заваяваць увагу аўдыторыі. А ў бар прыходзяць людзі, якія могуць не слухаць і размаўляць аб сваім, якіх трэба захапіць адным словам, энергетыкай. Таму гэта выклік, таму ты адчуваеш зусім іншыя эмоцыі", — тлумачыць Юлія.
На класічных пляцоўках кшталту галерэі "Ў" Юлія не адчувае сябе арганічна. Кажа, што месцы, поўныя надта сур'ёзных прафесіяналаў, яе палохаюць.
"Не хачу пакуль адносіцца да сваёй любімай справы як да працы, таму фармат бару, дзе можна выступаць для аматараў, быў для мяне выратаваннем", — кажа Юлія.
Аб сваім рашэнні закрыць бар яго стваральнікі паведамілі праз сацсеткі: "Сябры! З 1 лістапада 2015 года бар ДК спыняе сваё існаванне. Калі ласка, аднясіцеся з павагай да нашага рашэння".