Андрэй Лазуткін, спецыяльна для Sputnik
Аднак падчас "моўных" дыскусій ні разу не ўзнімалася праблема захавання, развіцця, падтрымкі і прэстыжу мовы, на якой размаўляе татальная большасць насельніцтва РБ — "беларуска-рускага змешанага маўлення", альбо, па-простаму, трасянкі.
Пакуль тутэйшыя літаратары сумна шурупяць геніяльныя кніжкі на вечна жывой беларускай мове, ніводны літаратурны твор на трасянцы яшчэ не атрымаў літпрэміі, і, вядома, у гэтым ёсць пэўная і паслядоўная дыскрымінацыя трасянкі.
У гэтым годзе у РБ стала аж на адну літаратурную прэмію болей. "Кніга году" (амаль "Гедройц", толькі без ані капейкі грошай), якая дэбютавала ў 2015, праходзіла на фоне чарговага моўнага скандала, справакаванага няўдалым прэс-рэлізам. Згодна з умовамі прэміі, кнігі на рускай і беларускай мовах знаходзіліся ў адным агульным спісе намінантаў — але гэтага хапіла, каб асобныя журналісты пачалі шукаць у падвалах ПЭНа рускамоўнае падполле, шостую калону і г.д. Пакуль лілася песня, канкурыруючыя бакі высвятлялі, хто каго дыскрымінуе і ці можна даваць беларускую прэмію рускамоўным пісьменнікам.
Можна. Нобелеўскі камітэт гарантуе гэта.
Вядома, нават "нобелеўку" з мазахісцкай асалодай адразу ж прыкруцілі да пытання неўміручай беларускай мовы. Абывацелі, шчырыя і няшчырыя беларусы, глядзяць на гэтыя разборкі, мякка кажучы, без цікаўнасці. Усё эта не жызненна. Але хацелася б глянуць на моўнае пытанне трохі з іншага ракурсу. Трасяначнага.
"Нікаво не жалка"
Трасянку прасцей знайсці ў тралейбусе, чым у літаратурным творы, але што-нішто усё-ткі ёсць. Напрыклад, 30 верасня паэт Ніл Гілевіч адзначыў свой 84-ы дзень народзінаў. Сатырычныя паэмы рознай ступені ўдаласці — гэта вядомая "фішка", "канёк" Гілевіча. Творы застою і часоў перабудовы — дзіўны археалагічны пласт, кавалак нейкага далёкага, невядомага жыцця, злепак свайго часу. Спадзяюся, некалі нашчадкі адкрыюць і пачытаюць.
А першым качаствам законна
Шчытаю я без лішніх слоў,
Што, хоць і ў возрасце прыклонным,
Ана не знаець дактароў.
Другое качаства па праву
Адмецім такжа мы спаўна,
Што патрудзілася на славу
За жызь працоўную ана.
А трэцім качаствам гардзіцца
Найболей нада, што ўдава
Зрасціла нас, как гаварыцца,
І ў жызь пуцёўку нам дала.
У ту вужасную разруху,
Благадара і вапракі,
Ана не пала сілай духу:
Пускала нас — как пціц,з рукі!..
"Родныя дзеці" (1985), раман у вершах
Дарэчы, у "Родных дзецях" фігуруе "народнік" Вінцусь, раннеперабудоўчая бытавуха, чаркі-застоллі, а таксама выдатны, унікальны для савецкай(!) паэзіі піяр такой роднай і такой салодкай трасяначкі.
Гілевіч, нягледзячы на салідны ўзрост, працягвае сатырычную творчасць. Натхніўшыся выбарамі 2010 года, Ніл Сымонавіч напісаў паэму "Паэт і Васісер", дзе прысутнічае ўся "каралеўская раць": дзяржідэолагі, дзяржпрэса і іншыя, з якімі змагаецца Паэт. Барацьба скончваецца ад'ездам Васісера на Дажынкі.
Несумненна, што Гілевіч — носьбіт літаратурнай беларускай мовы, якога старшыня ТБМ Алег Трусаў параўноваў аж з Уладзімірам Караткевічам. У той час сам Трусаў паступова і паспяхова абараняе i трасяначку.
Ні многа ні мала, па Трусаву, трасянка — гэта "бінт на ранах здратаванай Беларушчыны". Згодна з Трусавым, шляхам паступовай экспансіі трасянкі ў штодзённай гаворцы захаваюцца беларускія інтанацыі і інш. Трасянка — свайго роду варыянт прыстасавання і абароны беларускай мовы, і з гэтым нельга не пагадзіцца.
З чаго, праўда, можна зрабіць вынік, што трасянку трэба культываваць і падтрымліваць, і за гэта трэба падзякаваць дыскурсу прэзідэнта, чыё яркае і вобразнае маўленне павінна стаць асобным прыкладам лінгвістычнага даследавання.
"Хто как хацiт, тот так i гаварыт"
Аляксандр Рыгоравіч не адзінокі на перадавой. Некалі і ён, і Ніл Гілевіч, і Алег Трусаў былі дэпутатамі Вярхоўнага Савета, але першы крок да перамогі трасянкі ў незалежнай РБ зрабіў старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей. Пасля прыняцця ў 1990-м закона аб адзінай-дзяржаўнай-беларускай, ён быў вымушаны няўдала на ёй выступаць, і, вядома, зрабіў вялікую палітычныю памылку, затое ўвайшоў у гісторыю са словамi "хто как хацiт, тот так i гаварыт" і пра "шосты мікрафон у заднім праходзе".
Вось як Ніл Гілевіч каментуе гады ўласнага дэпутацтва (два тэрміны, аж дзесяць гадоў, 1985-1995): "Агульнае ўражанне: тры чвэрці беларусаў у зале — толькі пашпартныя беларусы. Ні слова, ні духу беларускага ў іх грамадзе не чутна і не відна. Як перайначылі бальшавікі нашу чыноўную эліту! Як выбілі з яе беларушчыну!"
Карацей, вінаватыя бальшавікі, кажа Гілевіч, які сам састаяў у КПСС. Але, як паказаў рэферендум 1995 года, за рускую мову выказалася аж 83,3% выбаршчыкоў. Па трасянцы рэферендум не праводзіўся.
Што тычыцца сферы сучаснага мастацтва, то трасянка трывала займае сваю нішу як у творах, так і ў інтэрнэтах. У музыцы — гэта Міхалок фармату 90-х гадоў, апалітычна-кабацкі, з песнямі пра ГАЗ і "чотка нам у лесе", і Вольскі з неўміручымі баладамі пра праваахоўныя органы, пасат-універсал і інш.
А я іду па вуліцы сталічнай
Сядзьмой-сядзьмой, я пяты, усё атлічна!
У мастацтве — гэта Жанна Капуснікава са святочна-побытавым цыклам "Дажынкі", якія кранаюць душу кожнага сапраўднага мінчаніна ў першым пакаленні.
У прэсе — гэта карыкатуры "Белгазеты", на якіх вырасла не адно амаральна-цынічнае пакаленне змагароў з рэжымам.
А ў літаратуры, на жаль, з трасянкай пакуль маем прабел, але некаторыя маргінальныя пісьменнікі яе актыўна ўжываюць, няхай сабе і ў немастацкіх мэтах. І тут трасянка — у першую чаргу прыём супраць снабізму і закрытасці беларускамоўнага гета, якое паспяхова адбудавалася паміж вечным агнём Плошчы Перамогі і сцяной былога тралейбуснага дэпо па вуліцы Чырвонай. Трасянка — дзірка ў гэтай сцяне, і яна злучае тамашняе парніковае асяроддзе з брутальным беларускім жыццём.