Алена Васільева, Sputnik
Bulbamovie, фестываль беларускага кіно, пагадзіўся з венскім журы і абраў пераможцам лаўрэата гран-пры нядаўняга конкурса LET'S CEE Film Festival — Мітрыя Сямёнава-Алейнікава. З фільмам "Адной крыві" следам за еўрапейскім журы ён скарыў і беларускае. Карэспандэнту Sputnik рэжысёр распавёў, як спаліць аўтамабіль у кадры і наколькі хопіць незалежнага кінематографа без дзяржпадтрымкі.
"Кіно без падтрымкі — нармальная сітуацыя: нямецкі, французскі кінематограф стартаваў без падтрымкі з боку дзяржавы, але ж тая хутка зразумела, што гэтае мастацтва вартае падтрымкі. Беларускае кіно якраз прыйшло ў рух, з'яўляюцца маладыя рэжысёры, якія будуць здымаць — грашовае пытанне не ўсё вырашае", — рэжысёр упэўнены ў часовай бескарыснасці калегаў, але ж наколькі хопіць такой самаадданасці, прагназаваць цяжка.
Спадар Мітрый тлумачыць, што прыдумляючы сюжэт, аўтар сыходзіць са сваіх магчымасцяў, у тым ліку — з бюджэту. Не трэба не заўважаць і тых, хто гатовы дапамагчы — расійскі рэжысёр Тая Зубава сабрала грошы на здымкі свайго фільма "Рыба моя" праз краўдфандынг, запрасіла да ўдзелу інвестараў, бюджэт атрымаўся каласальны.
"Пытанне волі і характара чалавека — яна для мяне прыклад чалавека, які з мінімальнымі сувязямі, пры там — па-за кіношным светам, змагла прыцягнуць зацікаўленых у свой праект", — распавядае рэжысёр і дадае, што ў яго фільме наяўнасць большага бюджэта змагло б шмат чаго змяніць.
"Я б не браў іншых актораў, але ж зрабіў бы кіно больш відовішчным. Запрасіў бы больш масоўкі-спецназа, змянілася б фінальная сцэна. Я хацеў спаліць машыну ў фінальным кадры, нават купіў тую машыну, якая склала добрую частку бюджэту. Але ж грошай на пакупку хапіла, а вось на тое, каб яе спаліць — не. Для гэтага патрэбна было б запрашаць шмат спецыялістаў", — распавядае Мітрый.
І дадае для тых, хто ўзрадваўся магчымасці здымаць кіно без фінансавых укладанняў — кінематограф хоць і трымаецца на энтузіязме, але ж падтрымка яму патрэбная, калі мы нарэшце хочам выйсці з бясконцага кола сансары, смерці і перараджэння нашага кіно.