МІНСК, 29 кас — Sputnik. У галерэі сучаснага мастацтва "Ў" адкрыўся месяц польскай літаратуры. Мадэраваў мерапрыемства паэт Андрэй Хадановіч. Напачатку імпрэзы ён зачытаў вершы расстраляных у ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года паэтаў, і прысутныя, разумеючы прычыну адхілення ад плану мерапрыемства, усталі са сваіх месцаў і замерлі ў хвіліне маўчання.
Ноччу з 29 на 30 кастрычніка 1937 у Мінску ва ўнутранай турме НКУС былі расстраляныя 22 беларускія пісьменнікі.
У межах "Месяца" у кнігарні штотыднёва будуць ладзіцца музычныя і тэатральныя імпрэзы, увоход на іх — вольны.
5 лістапада адбудзецца прэзентацыя перакладу комікса "Бортнік Ігнат і скарб пушчы". Удзел возьмуць коміксаробы ад Беларусі і Польшчы — Адам Глобус і Томаш Самойлік. Пачатак — а 19 гадзіне.
18 лістапада — прэзентацыя рамана аднаго з самых вядомых аўтараў польскага дэтэктыву Зыгмунта Мілашэўскага "Доля праўды". Пачатак а 19 гадзіне.
26 лістапада — адкрыццё выставы "Маладая польская ілюстрацыя". На экспазіцыі прадставяць працы трох выпускнікоў Варшаўскай акадэміі мастацтваў. Будуць прадстаўленыя кнігі і ілюстрацыі да іх. Адкрыццё пройдзе а 17 гадзіне ў галерэі Акадэміі мастацтваў "Акадэмія". Усе мерапрыемствы ладзяцца пры ўдзеле Польскага інстытута.