МІНСК, 29 кас — Sputnik. У галерэі сучаснага мастацтва "Ў" прэзентавалі пераклад польскай паэткі Эвы Ліпскай. Зборнік "Дзень усіх жывых" выйшаў пры ўдзелу Польскага інстытута.
Сама аўтарка прыняць удзел у імпрэзе не змагла, хоць да апошняга збіралася яе наведаць, — захварэла. Не змог прысутнічаць на імпрэзе і дырэктар польскага Інстытута кнігі Гжэгаж Гаўдэн, але ж з іншых прычынаў, што патлумачыў Хадановіч. "Беларуская служба выдачы візаў вырашыла, што яму рана прыязджаць у Беларусь. Можа, таму, што гэта райская краіна, прыезд сюды трэба яшчэ заслужыць", — жартуе паэт, якому прыйшлося выконваць ролю мадэратара вечара.
Эва Ліпская — голас пакалення "Польскай новай хвалі" — пакалення, для якога пунктам адліку сталі драматычныя ўсходнееўрапейскія падзеі 1968 года. З тых часоў яна выдала некалькі паэтычных зборнікаў, а пераклады яе кніг выйшлі ў многіх краінах свету. Дзякуючы Ігару Логвінаву, цяпер паэтку можна чытаць і па-беларуску. У "Дзень Усіх Жывых" увайшлі выбраныя вершы, кніга складаецца з дзвюх частак. У першай сабраныя найлепшыя верлібры з усіх паэтычных зборнікаў аўтаркі. У другой частцы цалкам прадстаўленыя вершы прозай.