МІНСК, 29 кас — Sputnik. Старажытнае кельцкае свята "Хэлоуін" на дзіва трывала пусціла карані на беларускай зямлі. Пакуль грамадскасць абмяркоўвае, дзе знайсці нетрывіяльны касцюм і як зрабіць адпаведны макіяж, Sputnik запытаў культуролага Сяргея Харэўскага, як адсвяткаваць Дзень усіх святых па-беларуску. Спадар Сяргей якраз вярнуўся з наведвання могілак дзядоў і бабак і распавёў, што на гэтых выходных мы перш за ўсё павінны быць зацікаўленымі "Дзядамі", а не "Хэлоуінам".
"Хэлоуін" не наша свята, яго не падтрымліваюць і хрысціянскія святары. Да таго ж, тое свята прыпадае на "Дзяды", калі нармальныя людзі наведваюць сваіх блізкіх і ідуць на могілкі", — распавядае Сяргей, а замест прагляду класікі кінематографа жахаў раіць пачытаць паэму Міцкевіча "На дзяды".
"У беларусаў таксама ёсць традыцыя пужаць, але ж мы робім гэта пасля Калядаў. Моладзь апранала кажухі футрам наверх, выразалі тварыкі на гарбузах і ішлі да суседзяў", — распавёў Харэўскі.
"А вось пустапарожнія страшылкі і маршы зомбі — гэта проста глупства. Нібыта ў нас бракуе гэтых жахаў. Дастаткова ў будні прайсціся па ўстановах і знайсці досыць зомбі і пярэваратняў", — ацэньвае Харэўскі беларускую рэчаіснасць на прыкмету жахлівасці.
Пры тым не ўсе заходнія святы Харэўскаму не да спадобы, той жа Дзень Святога Валянціна культуролаг падтрымлівае, матывуючы тым, што і сам Святы Валянцін на Беларусі шануецца, і касцёл Святога Валянціна таксама ёсць.
"Добра, калі людзі разумеюць, што яны робяць. Той "Хэлоуін", якім ён стаў, надта далёкі ад кельцкага святкавання Дня ўсіх святых. Нельга святкаваць яго, не пазнаёміўшыся з гісторыяй і сэнсам свята. Да таго ж, гэтымі днямі мы ўзгадваем страшную гісторыю, што адбылася ў 1937 года, калі былі забітыя дзясяткі нашых літаратараў, і амаль у гэтыя дні святкаваць "Хэлоуін" крыху неадэкватна", — рэзюмаваў культуролаг, дадаючы, што месца гогалеўскай дураслівасці ў беларускай культуры ёсць, але ж яна разыходзіцца з "Хэлоуінам" у часе і прасторы.