Алена Васільева, Sputnik
Праграма, што дазваляе студэнтам-замежнікам практыкавацца пры парламенце, існуе толькі ў Германіі, парламентам іншых краін да параўнальнай адкрытасці далёка. Спадарыня Гелена доўгі час вучылася ў Чэхіі, дзе засвоіла нямецкую мову, прайшла суразмоўе і стала ўдзельнікам праграмы IPS (Internationalen Parlamentsstipendiums des Bundestages) і на працягу пяці месяцаў працавала ў будынку, дзе на першым паверсе — надпісы савецкіх салдатаў, а апошні накрывае празрысты купал.
Да ўдзелу ў праграме Бундэстаг запрашае замежнікаў з Сярэдняй і Усходняй Еўропы — ад Польшчы да Казахстана, краіны Балканаў. Гэтым годам да іх дадаліся і жыхары арабскіх краін, дзе прайшлі рэвалюцыі — Марока, Туніс, Ліван, а таксама Грэцыю і Турцыю. Акрамя студэнтаў з дзяржаў, дзе немцы намагаюцца дыстанцыйна развіваць дэмакратыю, у спісе ўдзельніка — Францыя, ЗША і Ізраіль — за доўгія сталыя адносіны з Германіяй.
Страхоўка, кватэры ў Берліне, 450 еўра на карманныя траты — і ты амаль паўгады ходзіш на працу ў Бундэстаг.
"За тры хвіліны пераканай, што варта прачытаць Алексіевіч"
- Каб прайсці практыку ў Беларускім парламенце, дастаткова напісаць адпаведную заяву ва ўніверсітэце, і вуаля — твае вокны на працягу месяца выходзяць на БДУ і Леніна. Як трапіць у Бундэстаг? Пра што пыталіся на суразмоўі?
— У гэтым годзе ад Беларусі ўдзельнічалі толькі два чалавекі, бо немцы вырашылі пашырыць колькасць месцаў для арабскіх краінаў, пры тым пакінуўшы нязменнай агульную колькасць удзельнікаў. Былі ўведзеныя квоты на кожны рэгіён, на наш —Украіна, Малдова, Беларусь — адводзілася дзевяць месцаў.
Было два туры: напачатку мы адпраўлялі дакументы ў пасольства Германіі ў Мінску, а пасля ехалі на інтэрв'ю. Нягледзячы на тое, што я тады жыла ўжо ў Германіі, прыйшлося ляцець у Мінск. На суразмоўі прысутнічалі непасрэдна прадстаўнікі Бундэстагу, адзін з дэпутатаў — часты госць у Беларусі, бо шчыльна займаецца пытаннямі радыёактыўнасці. Акрамя непасрэдна дэпутатаў у камісію ўваходзілі супрацоўнікі пасольства, дэкан аднаго з берлінскіх універсітэтаў, былы стыпендыят.
Інтэрв'ю цягнулася каля сарака хвілінаў, склалася ўражанне, што іх не столькі цікавіла, што мы ведалі пра палітычны строй Германіі, колькі нашыя асабістыя якасці. Напрыклад, у анкеце трэба было напісаць, якія кнігі прачытаў за апошні год. У маім спісе была Святлана Алексіевіч з раманам "Час second-hand" — тады гэту кнігу ў свеце ведала яшчэ няшмат людзей.
- Чаму ўвогуле вырашылі падацца ў Бундэстаг? У Беларусі жанчына ў палітыкі — гэта, хутчэй, выключэнне. Вось і прэзідэнт напярэдадні выбараў заявіў, што мы не гатовыя да "прэзідэнта ў спадніцы"…
— У Бундэстагу 630 дэпутатаў, з іх 230 — жанчыны, то бок, 36 працэнтаў. І калі жанчына трапляе ў палітыку, гэта непрабіваемыя дамы. Так, іх меней, але ж яны не на апошніх ролях.
Гэта было маёй марай, я вывучыла міжнародныя зносіны з ухілам на Германію. Мне надта хацелася на практыцы пабачыць тое, што я вучыла. Мне было цікава паглядзець, як прымаюцца законы, як працуе нямецкі парламентарызм. Для многіх людзей гэтая практыка была пачаткам чагосьці новага, а для мяне — завяршэннем, лагічным фіналам.
Мне хацелася адчуць сябе ў ролі медыятара канфліктаў, пазнаёміцца з таленавітымі людзьмі. Шмат хто з нас нават пасябраваў з дэпутатамі. Адзін хлопчык з Арменіі не меў дзе жыць, а дэпутат, з якім ён працаваў, як раз быў на адпачынку і дазволіў пасяліцца ў ягонай кватэры. Для нас былі адкрытыя ўсе дзверы, часта мы сябе адчувалі лепей за практыкантаў-немцаў.
- Гэта яшчэ чаму?
— Для таго, каб немец прайшоў стажыроўку пры парламенце, яму дастаткова напісаць заяву на гэта. А праграма, у якой мы ўдзельнічалі, ставіць мэту адабраць амаль ці не лепшых прадстаўнікоў розных краін. Напрыклад, адна дзяўчынка з Македоніі атрымала запрашэнне падчас практыкі працаваць у кабінеце прэм'ер-міністра сваёй краіны.
Руска-украінскі і ізраіле-палесцінскі канфлікты у мініяцюры
- А што рабілі практыканты пры Бундэстагу? Цяжка ўявіць, што замежнікам даручаць нейкае сур'ёзнае заданне…
— Маёй задачай было адказваць на пытанні выбарцаў. Яны пішуць лісты на старонку — з чым нязгодны, што хочацца змяніць, і я павінна была адказваць ім з пазіцыі дэпутата, з якім працавала. Так, калі прымалі закон па падаткаваму абкладанню турыстычных бюро, дык нам прыходзіла ў дзень па дваццаць лістоў. Лічыце, што кожны дзень патрэбна было напісаць амаль курсавую працу. Ніхто не пацікавіцца, ці добра ведаеш мову, таму валоданне нямецкай апрыёры павінна быць выкшталцоным.
Для нас арганізоўвалі і семінары ў палітычных фондах, і шматлікія мерапрыемствы пры Бундэстагу. Напрыклад, рабілі цудоўны выпускны баль, вечар стыпендыятаў, на якім прысутнічалі ўсе нашыя дэпутаты.
На ўваходзе ў Бундэстаг месціцца хол, і менавіта там нам дазволілі правесці баль з удзелам больш за тысячу чалавек. У гэты ж хол выходзілі дзверы некаторых дэпутатаў, за якімі тым часам вырашалася пытанне з грэчаскім крызісам. Дэпутаты нам пасля расказвалі, што яны там сядзелі, вырашалі пытанне, ці даваць крэдыт, адкрылі дзверы — а там у нас спяваюць. Гэта немагчыма прадставіць ні ў якім іншым парламенце.
Нямецкі парламент адкрыты для ўсіх, часам здаецца, што людзі перашкаджаюць адзін аднаму. Калі жывеш у Берліне — рэгіструйся і хадзі хоць на кожнае пасяджэнне. Спакойна можна прыйсці і паглядзець, як выступае Меркель. Безумоўна, у такім месцы ты часцей, чым у простым жыцці, адчуваеш сябе на другім месцы.
- А як складваліся адносіны паміж удзельнікамі праграмы? Палітычнае супрацьстаянне краінаў пераносілася на штодзённае жыццё?
— Нас было 116 чалавек з 35 краін — і ўсе жылі разам. Бундэстаг здымаў для нас кватэры і засяляў па двое. У звычайным лагеры канфліктаў не ўзнікне, але ж тут гаворка ідзе пра людзей, зацікаўленых палітыкай, якія маюць свой пункт погляду амаль па любому пытанню, акадэмічна моцных, інтэлігентных. Як ні дзіўна, узнікаюць канфлікты, бо такія людзі маюць пазіцыю па любым пытанні. Назіраючы за іх спрэчкамі, разумееш, чаму некаторыя рэчы ў палітыцы не працуюць.
Некаторыя людзі адчайна хацелі прадстаўляць сваю краіну. Ёсць канфлікт між Расіяй і Украінай, Азербайджанам і Арменіяй, канфлікт паміж Ізраілем і Палесцінай. І гэтыя канфлікты практычна поўнасцю разбілі нашую групу на дзве часткі. Дэпутаты нават арганізоўвалі круглыя сталы адмыслова для іх.
Аднойчы тры дэпутаты пазвалі на дыскусію ўсіх рускіх удзельнікаў і ўкраінскіх, каб на іх прыкладзе правесці перагаворы ў мініяцюры. Такі ж круглы стол рабілі і па пытанні Усходняга партнёрства, склікалі ўдзельнікаў з зацікаўленых краін, пыталіся, што на іх погляд у праграме "Усходняга партнёрства" працуе, а што — не. Ніхто яго не прымушаў праводзіць такі круглы стол — тое была ягоная ўласная ініцыятыва.
- І што, у Беларусі — працуе?
— Я намагалася не закранаць палітычныя аспекты, сказала, што для беларусаў варта пабачыць, што стаіць за словам "Усходняе партнёрства". Людзям ніхто не раскажа, што гэта, а адчуць яны могуць толькі пабачыўшы, што яно прынесла суседзям. Напрыклад, з грузінамі падпісалі безвізавы рэжым.
Я прапанавала на практыцы паказаць беларусам, што такое еўрапейскія каштоўнасці. Зараз падаецца, што безвізавы рэжым з Беларуссю — гэта ўтопія. Але ж нічога страшнага тут няма — ніякіх хваляў эміграцыі не было б, бо безвізавы рэжым — гэта не дазвол на працу, а права знаходзіцца ў краіне тры месяцы. З Малдовай такі падпісалі і ніякіх хваляў эміграцыі не было — тыя, хто збіраўся з'ехаць, і так з'едуць.
"Стратэгія "не размаўляйце з дыктатарскай краінай" не працуе"
- Пачытаць замежную прэсу — і падаецца, што стаўленне да Беларусі крыху палепшылася. А як насамрэч? Ці сталі больш гаварыць пра нашу краіну, ці, прынамсі, лепей?
— Мяне шакіравала, што шмат да якіх краін праяўлялі значна больш увагі — да тых жа Македоніі, Албаніі. Я гэтага шчыра не разумею, у мяне склалася ўражанне, што мы нікому не цікавыя. Мне рэдка задавалі пытанні наконт Беларусі.
Прадстаўнік пасольства расказваў, як група беларускіх грамадскіх дзеячаў аднойчы наведвала Бундэстаг, сфатаграфавалася там і была раскрытыкаваная мясцовымі СМІ. Маўляў, як Бундэстаг можа запрашаць групу з гэтай дыктатарскай краіны. Прадстаўнік пасольства быў расчараваны.
Стратэгія не размаўляць з краінай з-за таго, што яна дыктатарская, не працуе. Насупраць, варта запрашаць як мага болей людзей.
— Дарэчы, а ці можна было выбіраць, пры якой партыі будзеш працаваць? Не здаралася на гэтай глебе канфліктаў?
— Дэпутаты дабравольна вырашаюць, ці хочуць яны ўдзельнічаць у праграме і браць практыкантаў. Таму прадказаць, ад якой партыі колькі дэпутатаў будзе, немагчыма. Нас пыталі, пры якой партыі і нават камітэце мы хочам практыкавацца, але ж задаволіць усіх не атрымалася.
Я трапіла туды, куды хацела — ХДС, кансерватыўная партыя. Але ж заўважыла, што тым, хто апынуўся пры партыі левых ці "Зялёных" пашчасціла болей. Такія нешматлікія ў Бундэстагу партыі будуюць кар'еру на тым, каб прадаць сябе, змагаюцца за кожнае месца ў складзе парламента. А ХДС ва ўсялякім разе перамагае — у Германіі шмат кансерватыўных вёсак, дзе моцная роля царквы, яны заўсёды падтрымаюць ХДС. А зялёным і левым трэба змагацца за тое, каб хоць адзін з іх прайшоў у Бундэстаг, таму яны прывыклі сябе прэзентаваць.
Але ж шмат было ідэалагічных праблемаў. Мне было прасцей — мне падабаецца праграма партыі, пры якой практыкавалася. Былі людзі, якія прынцыпова не жадалі працаваць пры партыі левых. Напрыклад, трэба адказаць на пытанні выбаршчыкаў ад імені дэпутатаў, напісаць, што ты лічыш, што ва ўкраінскім канфлікце Расія паводзіць сябе карэктна — для многіх гэта было ідэалагічна цяжка. Ці амерыканцы, што лічаць партыю левых камуністамі і поўным злом, таксама пераступалі праз сябе.
- Ну а сэлфі з Меркель зрабілі?
— Некаторыя нашыя студэнты фатаграфаваліся з ёю, а адзін нават зрабіў сапраўднае сэлфі — сачыў за ёй, гадзіну чакаў ля ўвахода. Я толькі бачыла, як яна выступае, прасіць пра здымак было няёмка. Дэпутаты кажуць, што фатаграфавацца з Меркель — дурны тон.
- А на далейшы кар'ерны рост практыка паўплывала, ці гэта проста прыемная дэталька ў рэзюме?
— Калі знаходзішся на першым паверсе Бундэстага, бачыш надпісы савецкіх ваенных "Тут быў Коля, лётчык з Масквы". А ты — унук гэтых людзей, ідзеш сюды на працу. Калі 8 мая святкавалі 70-годдзе Перамогі, нас запрасілі спецыяльным білетам у шыкоўнейшым канверце. Ісці ў той дзень у Бундэстаг было неверагодна прыемна — мы сядзелі на два рады вышэй Хадаркоўскага.
Пасля практыкі я вярнулася на былое месца працы, але ж за гэтыя месяцы вярнула веру ў сябе, у тое, што можа ў жыцці настаць нешта радаснае, як гэтая практыка, у тое, што падзеліць свет на "да" і "пасля". Я навучылася бачыць свае мінусы, але ж і пераадольваць цяжкасці. Галоўнае, што пасля гэтай практыкі не баюсь марыць — я не магла сабе ўявіць, што звычайны чалавек, замежнік, зможа працаваць у сэрцы Германіі.