“Бацькаўшчына” абвяшчае конкурс працаў пра беларускае замежжа

© Flickr / Jeff NelsonДень почерка
День почерка - Sputnik Беларусь
Падпісацца
“Бацькаўшчына” вырашыла, што, незалежна ад месца пражывання, беларус варты быць увасобленым у творы мастацтва.

Мінск, 3 ліст — Sputnik. Каб разумець, якімі праз суродзічаў за мяжой нас бачыць свет, і з нагоды свайго юбілею Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" абвяшчае конкурс працаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці беларускага замежжа.

Чвэрць стагоддзя Згуртаванне працуе дзеля кансалідацыі беларусаў незалежна ад месца пражывання на грунце любові да нашай супольнай гісторыі, культуры, роднай мовы.

Да разгляду прымаюцца арыгінальныя аўтарскія тэксты навуковага, навукова-папулярнага, публіцыстычнага характару. Яны могуць быць прысвечаныя розным аспектам жыцця і дзейнасці беларусаў у замежжы, у тым ліку:

  • біяграфіям пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, палітыкаў, грамадскіх і іншых дзеячаў, чыё жыццё і творчасць звязаныя з замежжам;
  • асэнсаванню творчай спадчыны дзеячаў беларускага замежжа;
  • гісторыі масавых эміграцый, перасяленняў беларусаў па-за межы Беларусі;
  • гісторыі або сучаснасці беларускай прысутнасці ў асобнай краіне;
  • дзейнасці беларускіх дзяржаўных прадстаўніцтваў на Захадзе: Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай Цэнтральнай Рады;
  • дзейнасці асобных беларускіх арганізацый, суполак, калектываў, сродкаў масавай інфармацыі;
  • сацыяльным, эканамічным, культурным аспектам існавання беларускага замежжа.

У склад журы конкурсу ўваходзяць сябры Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" — Наталля Гардзіенка, гісторык, намеснік дырэктара БДАМЛМ, Лявон Юрэвіч, архівіст Нью-Ёркскай публічнай бібліятэкі, др. Вітаўт Кіпель, старшыня БІНіМа, др. Янка Запруднік, сябра ўправы БІНіМа,

Валеры Герасімаў, загадчык аддзелу старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Рады МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".

Да ўдзелу запрашаюцца як прафесійныя навукоўцы, так і аматары, як сталыя даследчыкі, так і пачаткоўцы з Беларусі і замежжа.

Тэксты павінны быць раней не публікаваныя і напісаныя на беларускай мове.

Па выніках конкурсу пераможцы атрымаюць каштоўныя ўзнагароды, а найлепшыя працы ўдзельнікаў будуць апублікаваныя.

Памер тэкстаў да 1 аўтарскага аркуша (каля 40 тысяч знакаў).

Дасылаць працы трэба ў электронным выглядзе з паметкай "На конкурс" на адрас: zbsb.minsk@gmail.com да 1 студзеня 2016 года.

Стужка навiн
0