Юлія Хвошч, Sputnik.
Гурт “Мутнаевока” быў заснаваны ў ліпені 2005 года ў Мінску. Восенню 2005-га адбылося першае выступленне гурта – у бок музыкаў адразу паступілі пахвальныя водгукі і прапановы далейшага супрацоўніцтва. Музычны напрамак групы ўключае ў сябе панк, гранж і авангард-рок, характарызуецца брудна-меладычным гітарным рыфам, надрыўным вакалам і эксцэнтрычнымі паводзінамі вакаліста Яўгена Змушкі.
Шмат калектываў — не заўжды добра
На думку вакаліста "Мутнагавока" Яўгена Змушка, той факт, што ў беларускім андэграўндзе з'яўляецца ўсё больш новых імён, не самым станоўчым чынам уплывае на развіццё беларускай музыкі — чым больш гуртоў з'яўляецца, тым складаней сучаснай моладзі абраць сярод іх сапраўды вартыя для наведвання канцэрты.
"Зараз вялікая канкурэнцыя. Калі не так даўно, яшчэ да крызісу, у 2000-х, было літаральна некалькі гуртоў, на якія можна было аддана набыць квіток, наведаць і атрымаць задавальненне, пачуць насамрэч прафесійны гук і якаснае відовішча, то зараз гуртоў настолькі шмат… і я не скажу, што многія з іх файныя", — распавядае Змушка.
"Гуртоў зараз шмат. І наколькі пашыраецца гэтая шматлікасць, настолькі ж пашыраецца і сурагат".
"Чым больш канкурэнцыі — тым больш нізкаякаснага прадукту. І народ на сённяшні дзень не ведае, што рабіць… Ён для сябе пачынае нанова адкрываць такія гурты як SCIANA, "Мутнаевока", Nizkiz, B: N:, не ўлічваючы, што той жа B:N:, да прыкладу, грае ўжо 15 год", — дадае вакаліст.
Лідэр "Мутнагавока" пачынае ўзгадваць, што менавіта беларускі андэграўнд выглядаў больш прыстойна 5-7 гадоў таму, калі сур'ёзныя беларускія гурты з сапраўды якасным гучаннем збіралі вялікія сольныя канцэрты. На думку Змушкі так адбывалася менавіта таму, што на сцэну выходзілі толькі сапраўды вартыя ўвагі калектывы, а выбар якую музыку слухаць зрабіць было значна прасцей.
Пра што і дзеля чаго спяваюць
"Мутнаевока" спяваюць на самую розную тэматыку — удала спалучаючы пратэстную панк-стылістыку і тэксты пра каханне.
Не так даўно ў гурта з'явілася песня "Бог ратуе не ўсіх". Sputnik запытаўся ці не пачалі беларускія панкі спяваць на хрысціянскую тэматыку.
"Не тое каб. Я б сказаў, што гэта песня так ці інакш прымушае людзей думаць, што нельга заставацца абыякавым, што нельга быць атэістам. Трэба ведаць на што ты ідзеш, за што ты працуеш і пад кім ты ходзіш. Тэма рэлігіі, яна вельмі інтымная, я не стану тут разбэчвацца ў дробязях і каго-небудзь прыцягваць і заклікаць", — тлумачыць артыст.
"Падчас канцэртаў мы проста прыцягваем увагу, каб аб'ядноўваць людзей, каб кожны адчуў сваю прыналежнасць у тым, што ён бачыць і чуе".
Але Змушка тут жа адзначае, што відавочна на сёння людзям разважаць не вельмі патрэбна. "Ім трэба больш атрымоўваць асалоду і прыемныя пачуцці ад імпрэзы, за гэтым яны і прыходзяць на канцэрты. Можа гэта проста кіруе час".
"Ведаеце (пра замяжу) — усё гэта панты і фарсы, што там завецца запісацца ў Польшчы, ці ў Чэхіі, у Вільні, потым прыехаць сюды з круцянскім альбомам — не. Насамрэч ніякай розніцы дзе пісацца — у сутарэнні, ці ў хаце, ці ў прыватнай студыі. Важна, хто над гэтым працуе. Мы свой апошні сінгл запісалі ў студыі "Трасцянец".
Музычная адукацыя — гэта важна
"Мутнаевока" ставіць сваёй асноўнай мэтай захаваць сваё ўласнае гучанне, не паддавацца на ўплыў модных кірункаў ды не страціць сваю індывідуальнасць. "Мы прытрымліваемся свайго кірунку, я не ведаю, як вы зараз яго акрэсліце і назавеце — панк, пост-панк, дыска… Гэта сумяшчэнне стыляў. На песнях тыпу "Чырвоная кветка" зараз робіцца асаблівы акцэнт".
"Мы імкнемся зрабіць свае 2-3 акорды больш дасціплымі і больш канкрэтнымі, класці на іх лірыку, больш разважаць".
У размове Змушка таксама адзначыў, што гурт падчас удасканалення гучання і пошуку новых яго формаў, музыкі будуць ва ўсялякім выпадку імкнуцца пазбегнуць сумнай музыкі. "Гэта будзе сумяшчэнне трып-хопу і гранжу. Ёсць свой кірунак ужо, ён намацаны, свая сцяжынка".
Дарэчы сам фронтмэн "Мутнагавока" лічыць сябе больш пісьменнікам, чым музыкай, піша творы, але не публікуе іх, таму што не бачыць у гэтым перспектывы. Але сцвярджае, што музычная адукацыя — неабходны складнік для заняцця канцэртнай дзейнасцю.
"Я самавучка, але астатнія хлопцы ў калектыве — музыкі з адукацыяй. А як размаўляць пра музыку без валодання музычнай граматай?" — распавядае вакаліст і тут жа дадае, што ўсё ж-такі ідэя ў іх творчасці — гэта галоўнае.
"Па-першае я, канешне, пісьменнік, але і музыку пішу сам. Першае, што я раблю, зняўшыся з ложку, гэта бяру гітару, запальваю цыгарэту, заварваю гарбату ці каву і проста саджуся ў бялізне, гляджу як за вокнамі ўздымаецца сонца і пачынаю граць, проста занатоўваю тэксты, урыўкі, радкі ў нататнік. Так і адбываецца песня", — распавядае Змушка.
Потым Яўген ідзе на студыю, дзе ў музыкаў ёсць свая рэпетыцыйная база. "Я туды прыходжу з акустычнай гітарай, непаголены, граю нататкі і мы ўсе разам іх імправізуем. Так і нараджаюцца песні".
Напрыканцы размовы вакаліст "Мутнагавока" распавёў, што абяцаў калектыву ў бліжэйшы час сесці ў студыю, прыступіць да новага матэрыялу і грунтоўна перагледзіць імідж гурта. "Спадзяюся, што да Новага года запішам матэрыял і ўвесну выпусцім новы дыск".