МІНСК, 3 ліс — Sputnik. Беларускі паэт, празаік, драматург, крытык, публіцыст, навуковец Якуб Колас (сапраўднае імя Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч — Sputnik) з'яўляўся аднім з заснавальнікаў cучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы.
Першыя свае вершы Якуб Колас пісаў на рускай мове, па словах самаго пісьменніка руская класічная літаратура не пакінула яго абыякавым.
У ранніх творах вызначыліся асаблівасці рэалістычнага стылю аўтара — імкненне да жывапісання словам, выявілася незадаволенасць лірычнага героя рэчаіснасцю, яго сум і смутак. У дакастрычніцкі час выйшлі зборнікі паэзіі "Песні жальбы", прозы "Апавяданні", "Родныя з'явы" і інш. Жыццё, клопаты і трывогі працоўнага сялянства — асноўная тэма паэзіі Я. Коласа.
Паэт стварыў жыццёва дакладныя малюнкі народнага побыту, адлюстраваў становішча вясковага люду. У творах арганічна знітаваны лірыка і эпас, асобныя вершы той пары нагадваюць кароткія, эмацыянальна афарбаваныя апавяданні.
Колас — адзін з пачынальнікаў мастацкай прозы ў беларускай літаратуры, яна тэматычна звязана з яго паэзіяй паказам супярэчнасцяў эпохі, працы, думак і настрою беларусаў.
Празаічныя творы Коласа вызначаюцца напружанасцю дзеяння, драматызмам, глыбінёй псіхалагічнага аналізу, значная частка іх — алегарычныя "Казкі жыцця".
Пасля 1910 года ў творчасці Я. Коласа выявілася тэндэнцыя да ўсё больш значных сацыяльна-грамадскіх абагульненняў, яна рэалізавалася ў паэмах "Новая зямля" і "Сымон-музыка", якія ўвасобілі пошукі і спадзяванні беларускага мастацтва той пары. Да таго ж, паэма "Новая зямля", відаць, не мае роўных сабе ў нацыянальнай літаратуры па глыбіні, прыгажосці і замілаванні ў мастацкім апісанні роднай прыроды і сялянскага жыцця.
У 1920-я гады была створана трылогія "На ростанях", у якой на аўтабіяграфічным матэрыяле аўтар шырока ахапіў сучаснасць, адлюстраваў побыт сялянства, розных груп насельніцтва Беларусі, стварыў вялікую галерэю партрэтаў.
У 1930-я гады ён стварыў шмат публіцыстычных вершаў, прысвечаных надзённым пытанням і патрабаванням таго часу, а вершы і артыкулы ваенных гадоў уславілі патрыятызм і гераізм беларусаў.
Міцкевіч зрабіў непамерны ўклад у развіццё беларускай культуры, атрымаў званне народнага паэта Беларусі (у 1926-м), з'яўляўся акадэмікам Акадэміі навук Беларусі (з 1928-га) і заслужаным дзеячам навук Беларусі (з 1944-га). Яго імем названы шэраг беларускіх вуліц і плошчаў, літаратурных прэмій, музеяў, бібліятэк. У 1972 годзе ў Стаўбцоўскім раёне заснаваны Коласаўскі заказнік з мэтай захавання прыроднага комплекса мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю народнага паэта. Помнік паэту і героям яго твора "Сымон-музыка" ўсталяваны ў Мінску (на адной з галоўных плошчаў, названай у яго гонар). Бюсты паэту ўсталяваны ў шэрагу беларускіх гарадоў. Шмат вершаў паэта пакладзены на музыку. Вывучэннем жыцця і творчасці паэта займаецца адна з галін беларускай літаратурнай навукі — коласазнаўства. Творы Я. Коласа перакладзены больш чым на сорак моў свету.
Імя Якуба Коласа застаецца сімвалам беларускай літаратуры.