Мінск, 4 ліст — Sputnik. Беларусы атрымалі магчымасць вывучаць свет і зорнае неба па ўласна беларускім падручніку. Цімафей Авілін выдаў кнігу "Паміж небам і зямлёй. Этнаастраномія", падараваўшы магчымасць пабачыць неба такім, якім яго бачылі нашыя продкі і назваць сузор'і так, як называлі яны.
"Напрыклад, "Вялікую мядзведзіцу" клікалі "Іллёў воз" ці "Воз Іллі", а "Млечны шлях" — птушынай дарогай, казалі, што па той дарозе жураўлі ляцяць", — распавядае аўтар для Sputnik.
У кнізе прадстаўлены ўласна беларускія астранамічныя вераванні, апроч таго ёсць і вераванні анульнаславянскія. Зможаце даведацца, адкуль пайшла традыцыя загадваць жаданне, калі падае зорка.
"Матэрыял збіраўся з кніг рознага перыяду, са слоўнікаў, гэта і этнаграфічныя сведкі 18-19 стагоддзяў, і запісы 21 стагоддзя, і мае ўласныя палявыя запісы, даследванні маіх сяброў — то бок, выкарыстаны былі ўсе магчымыя крыніцы," — расказвае аўтар пра шляхі стварэння этнаастраноміі.
Дарэчы, зоркамі продкі цікавіліся з практычным намерам, прынамсі дзеля таго, каб мець магчымасць вызначаць час, ведаць, калі пачынаецца вечар і раніца. "Ёсць і непрагматычны бок, звязаны з прыкметамі, варажбой, з жаданнем спазнаць свет", — тлумачыць аўтар матывацыю продкаў паглядаць на неба.
Кніга яшчэ не паступіла ў продаж, але ж спадар Цімафей кажа, што з наступнага тыдню яе ўжо можна будзе набыць у мінскіх кнігарнях.