Андрэй Лазуткін, спецыяльна для Sputnik
У хуткім часе свет пабачаць новыя і, як звычайна, чаканыя кніжкі Бахарэвіча і Марціновіча, але пакуль звернемся да больше фартовага пераможцы мінулага года.
Адзін з канонаў савецкага белліта — гэта, у першую чаргу, тэма "вайны і немцаў". Вайны ў беларускіх кніжках і фільмах было аж занадта — напісалі і наздымалі на дзесяцігоддзі наперад, з роўнай ступенню шчырасці і жорсткаці. Напрыклад, у фільме найвядомейшага беларускага рэжысёра Віктара Турава "Я родом из детства", ёсць сцэна публічнага пакарання эсасаўцаў, якіх пры вялізарным натоўпу, зачытваючы праз гукаўзмацняльнік імёны, званні і прысуд, вешаюць на аўтаплатформах. Падобныя паказальныя суды — частка рэалій пасляваеннай БССР, якую нам, сучаснікам, цяжка ўявіць.
І калі адразу пасля вайны вешалі збольшага немцаў, супрацоўнікаў спецкаманд СС і СД, то напрацягу дваццаці і болей гадоў пасля МДБ і КДБ выкрывала "сваіх" ваенных злачынчаў, жыхароў СССР. У 1978 годзе, калі выйшаў "Суд у слабадзе" Віктара Казько, Алесь Адамовіч працаваў над мастацкім раманам «Каратели», дакументальную частку якога склалі матэрыялы крымінальнага справаводства па злачынствах былых супрацоўнікаў паліцыі. Згодна з пратаколамі допытаў, шмат хто з іх нядрэнна ўладкаваўся пасля вайны ці нават зрабіў кар'еру.
У рэцэнзіі на "Гедройца" між радкоў можна прачытаць нейкую кан'юнктурнасць Казько, а Дзяржпрэмія БССР 1982 за "Суд" (гісторыя пра хлопчыка-вязня лагера, выхаванца дзіцячага дома, які не памятае свайго мінулага, але памірае падчас трыбунала над супрацоўнікамі лагера) ставіцца Казько нібыта ў папрок. Сапраўды, "антываенны" канон беларускй прозы тут вытрыманы, але ведаючы біяграфію самога Казько, з прэтэнзіямі складана пагадзіцца.
З Казько, дзякуючы СБП, мне давялося сустрэцца. Віктар Апанасавіч трохі расказаў пра сваё жыццё. У лагер чатырохгадовы Казько трапіў перад самым вызваленнем БССР. З якога менавіта лагера спісана гісторыя хлопца Лецечкі з "Суда", невядома, але лагераў па забору крыві ў Беларусі было некалькі, самы вялікі — дзіцячы донарскі канцлагер "Чырвоны бераг". Пунктаў паменш таксама было шмат, акупацыйная адміністрацыя звычайна рабіла донарскія пункты на базе савецкіх дзетдамаў.
Але Казько пашчасціла двойчы. У лагер ён трапіў выпадкова, проста згубіўся, прыбіўшыся да натоўпу — немцы ўцякалі ад лініі фронту, і лагер не функцыянаваў. Забіраць Казько з лагера прыйшла бабка.
І тут будучаму пісьменніку пашчасціла яшчэ раз — бабка з унукам на плячах, каб зрэзаць, пайшла праз поле, якое было замініравана, і прайшла яго наўпрост. "Расказвала, ідзе, а далёка наперадзе нейкі мужык бабцы нешта крычыць і шапкай маша. Тая так нічога і не зразумела, пакуль не дайшла да краю поля. Пэўна, камусьці я ўсё-такі спатрэбіўся, калі так выйшла", — жартуе Казько.
Пасля вайны пісьменнік гадаваўся ў дзетдамах, і гэты вопыт лёг у аснову біяграфічных "Повести о беспризорной любви" і "Хроніцы дзетдомаўскага сада".
Шорскі ГУЛАГ
Скончыўшы Кемераўскі горны індустрыяльны тэхнікум, малады Віктар Казько з канца 50-х працаваў на Алтаі спачатку ў геолагавыведцы, а пасля — у часопісе "Чырвоная Шорыя". Зараз неіснуючая рэспубліка Горная Шорыя — частка Кемераўскай вобласці, Кузбаса.
Казько расказваў, што ў Шорыі было шмат чаго незразумелага — Алтаі насялялі старажытныя плямёны шорцаў, якія пакнулі пасля сабе шмат загадак. Напрыклад, старажытныя мнагатонныя бронзавыя пліты, пакрытыя сімваламі, якія невядома хто ставіў і якія ўвогуле немагчыма было зрушыць — самы сапраўдны алтайскі стоўнхенжд, які давялося назіраць пісьменніку. Віктар Казько расказваў таксама, як будучы ў геалагічнай партыі, аднойчы ўбачыў вялізныя свежыя адбіткі басых ног на пяску, і, вядома, страшна напалохаўся. "І зараз не ведаю, што гэта было. Нейкі алтайскі еці? Сустрэць такія сляды ў тайге немагчыма", — расказаў Віктар Казько.
Але адзін з самых яркіх успамінаў пра Алтай — гэта так званы "Шорскі ГУЛаг", пакінуты і закансерваваны сталінскі лагер.
— Усё стаяла зачыненае, але цэлае — хоць зараз, адчыняй і пускай. Баракі, вышкі, гаспадарчыя пабудовы. А побач з лагерам былі могілкі. І там, на іх, стаялі шэрагі аднолькавых шыльдачак з надпісамі па-руску "Прах невостребован", — распавёў пісьменнік.
Гэты "невостребованный прах" Казько пранёс праз амаль 50 гадоў: у 2009 выйшаў раман "Бунт незапатрабаванага праху", за які Казько атрымаў "Глінянага Вялеса". Галоўны герой шукае свайго роднага бацьку, якога арыштавалі ў 1937, але знаходзіць толькі даведку "Скончался от сердечной недостаточности в 1954 году. Прах не востребован. Похоронен…» Дарэчы, у архівах НКУС і МДБ пад "сердечную недостаточность" маскіраваліся як звычайны лагерныя смерці, так і выкананне смяротных прысудаў для тых, хто атрымліваў свой тэрмін "без права перписки".
Дарэчы, у артыкуле 5 Крымінальнага кодэкса БССР 1928 года, які дзейнічаў у той перыяд, была дадзена агульная класіфікацыя злачынстваў, у аснову якой быў пакладзены палітычныя крытэрыі. Злачынствы афіцыйна дзеліліся на дзве катэгорыі:
а) накіраваныя супраць асноў савецкага ладу
б) усе астатнія.
Адпаведна, за здачынствы першай катэгорыі усталёўвалася толькі мінімальная мяжа пакарання. Адсюль і знакамітая фармулёўка "да высшай меры сацыяльнай абароны", якая азначала звычайную "вышку".
Але, на мой погляд, самы ўдалы твор Казько — гэта "чарнобыльская" аповесць "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел". Існуе, дарэчы, аднайменная экранізацыя таго ж Віктара Турава 1993 года, якая стала ці не адзіным прыкладам "перабудоўчага" кіно ў Беларусі — фільм, быццам бы, з нейкай прэтэнзіяй, але выглядае, як бытавуха. Кніга глыбей. І там, разам з перабудоўча-бээсэсэраўскімі рэаліямі: механізатарамі, танным шмурдзяком, цыгарэтамі і шкарпэткамі, якіх не купіць, і дзеяннем, якое, здаецца, круціца ад адной п'янкі да іншай, — атрымаўся ў Казько злепак эпохі, трывожных дзевяностых гадоў, калі ўсё трывалае становіцца хісткім і знікае.
Ад аповесці цягне такім страшным песімізмам і безвыходнасцю, які, здаецца, мог бы намаляваць толькі ва ўсім расчараваўшыся чалавек. Але, гледзячы на біяграфію Казько, цяжка знайсці больш жыццясцвярджальнага чалавека. "Чорны бусел" выйшаў у 1993 годзе. Здаецца, тое была моцная контркультурная кніга свайго часу. Мне чамусьці нават узгадаўся Ірвін Уэлш з ягонымі "Кошмарами аиста марабу" 1995 года. Проза, вядома, больш брутальная, але і аіст чорны, і настрой такі ж самы.
Але "Гедройца" Казько нарэшце далі за "Час збіраць косці" ў 2014. Прычым, як вядома, са сканадамі сёлета прайшоў як "Гедройц", так і новая альтэрнатыўная "Кніга года". Папярэдні на сайце прэміі Гедройца з'явлася рэцэнзія Марыі Мартысевіч, у якой тая прадказала перамогу Казько "за выслугу лет" — так, здаецца, і адбылося. У фэйсбуку адразу ж паднялася дыскусія наконт таго, што можна і што нельга пісаць у рэцэнзіях, па выніках якой вырашылі, што можна ўсё харошае, а нельга ўсё кепскае. Напэўна, гэта чарговая перамога пісьменніцай дэмакратыі над галоснасцю; але нагадаем, што журы Гедройца прымае закрытае рашэнне, статут прэміі нязменны і ўсе разборы палётаў праходзяць ужо па факце. З Мартысевіч, аднак, цяжка не пагадзіцца ў адным — савецкае стаўленне да пісьменнікаў знікла, разам з няблагімі матэрыяльнымі бонусамі, а савецкая іерархія па інэрцыі засталася, але аб яе рэлевантнасці цяжка казаць.
З "Кнігай году" Казько пашчасціла меней.
Нагадаем, што згодна з рэгламентам, кнігу года пісьменнікі абіралі самі. Пісменнікаў-выбрашчыкаў, такім чынам, набралася аж паўсотні, а вынік атрымалі, выставіўшы балы ў закрытым галасаванні. Алексіевіч, як бачым, апынулася недзе ў фарватары, але па выніках абедзьвух прэмій можна хутчэй меркаваць пра групавую псіхалогію пісьменнікаў, чым пра іх творы. Пошук нейкай універасальнай лінейкі, каб памераць талент, канешне, працягнецца, але для некаторых тутэйшых літаратараў-позераў ужо і "нобелеўка" нібыта нічога не вартая. Толку тады сварыцца вакол рэгламентаў?
Дарэчы, сам Віктар Казько трывала выказаўся ў падтрымку Алексіевіч: «Мастак таму і мастак, што мае сваё меркаваньне. І толькі праз адлюстраваньне гэтага меркаваньня можа адбывацца творчасьць. Мастакі ня хочуць быць у статку, брахаць на загад».
Вядома, не хочуць "брахаць на загад" і літаратурныя крытыкі, і таму пасля леташняга сканадала будучы "Гедройц" абацае быць, як мінімум, не менш цікавы.
PS. Віктару Казько — добрага здароўя з вялікай павагай!