МІНСК, 7 ліс — Sputnik. Новае аб'яднанне "Гавары праўду!" будуць узначальваць двое: экс-кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч і экс-кіраўнік яе перадвыбарчага штаба Андрэй Дзмітрыеў. Устаноўчы сход грамадскага аб'яднання "Гавары праўду" прайшоў у Мінску. З моманту заснавання ў 2010 годзе ўжо ў чацвёрты раз актывісты паспрабуюць зарэгістраваць аб'яднанне ў Мінюсце.
З моманту заснавання кампанію ўзначальваў паэт Уладзімір Някляеў, пасля яго на гэтай пасадзе змяніў Андрэй Дзмітрыеў. У суботу на ўстаноўчым сходзе было вырашана другім лідэрам зрабіць актывістку і экс-кандыдата ў прэзідэнты Таццяну Караткевіч. Яна абраная старшынёй аб'яднання, а як кіраўнік рэспубліканскага савета абраны Андрэй Дзмітрыеў.
Як заявілі актывісты, мэтай аб'яднання з'яўляецца "садзейнічанне пабудове ў Беларусі дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавы, развіццю грамадзянскай супольнасці, народнай гаспадаркі, умацаванню патрыятычных традыцый беларускага народа".
Папярэднія спробы зарэгістраваць аб'яднанне былі няўдалымі.
Караткевіч была першай жанчынай-кандыдатам у гісторыі Беларусі. На мінулых прэзідэнцкіх выбарах 11 кастрычніка яна набрала 4,4% галасоў, стала трэцім пераможцам пасля Аляксандра Лукашэнкі і кандыдата "супраць усіх". Зараз Караткевіч і яе кампанія рыхтуюцца да парламенцкіх выбараў, якія адбудуцца восенню 2016 года.