МІНСК, 9 ліс — Sputnik. Зараз на літоўска-беларускай мяжы (пункт пропуску Меднікі) стаяць восем пасажырскіх аўтобусаў, якія не могуць перасекчы мяжу ўжо чатыры гадзіны.
Прычыны, па якім адбылася затрымка, высвятляюцца. Большасць пасажыраў — наведвальнікі канцэрта "Крамбамбулі", якім былі выдадзены кароткатэрміновыя візы — на тры дні.
У беларусаў застаецца меней за паўгадзіны, каб перасекчы мяжу — апоўначы па літоўскім часе тэрмін дзеяння візаў скончыцца.
"Наш аўтобус толькі што перасек мяжу, але да гэтага часу амаль чатыры гадзіны першым стаяў у чарзе з літоўскага боку мяжы і да нас проста ніхто не падыходзіў, каб забраць пашпарты. У 23.17 па мясцовым часе за намі стаяла ў чарзе яшчэ пяць аўтобусаў з беларусамі", — распавёў карэспандэнту Sputnik адзін з арганізатараў аўтобуснага тура.
Прычына затрымкі высвятляецца, па словах відавочцаў, легкавыя аўтамабілі праходзяць мяжу даволі хутка.
7 лістапада ў Вільні адбыўся канцэрт беларускага гурта "Крамбамбуля", які наведала амаль 2,5 тыс. чалавек, пераважна беларусаў. Большасць з іх ехала на канцэрт рэйсавымі аўтобусамі ці праз аўтобусныя туры турыстычных кампаній.