МІНСК, 9 ліс — Sputnik. На канцэрт Tokio Hotel карэспанлэнт Sputnik накіравалася з празрыстым намерам класіфікаваць публіку, што прыйшла падпяваць Білу і цягнуць "Scream". Але ж аўдыторыя гурта аказалася такой аднароднай, што падпадала пад адну характарыстыку — пасталеўшыя верныя прыхільнікі, што адрозніваюцца адзін ад аднога хіба колькасцю каляровых пасмаў у валасах і стажам адносінаў з Tokio Hotel — 6, 8 і 10 год.
Яна: "Tokio Hotel натхнілі мяне на вывучэнне нямецкай мовы"
Люблю гурт з 2007 года, цэлы дзень спяваю песні, некаторыя ведаю на памяць, нарэшце пабачу сваіх ідалаў у жыцці. Гэты гурт натхніў мяне на вывучэнне нямецкай мовы, дзякуючы гэтаму нават наведала Германію. Да іх такую музыку я не слухала, гэта мае куміры дзяцінства, таму мяне проста перапаўняюць эмоцыі — праз паўгадзіны ўжо буду танчыць на танцполе і спяваць па-нямецку.
Аксана: "У дзяцінстве прымушала брата вучыць нямецкую і падпяваць"
Слухаю гурт з шаснаццаці гадоў, з часоў першага іх альбома. Усе лічылі, што гэта жаночападобныя хлопцы, ніхто не разумеў майго захаплення, а я надта палюбіла іх творчасць. Да эма ніколі сябе не адносіла, меркаванне, нібыта Tokio Hotel слухаюць толькі прадстаўнікі гэтай субкультуры, цалкам не адпавядае рэчаіснасці. Мой брат таксама слухаў гурт гадоў з дзесяці — я прымушала яго вучыць нямецкую мову і падпяваць.
Мяне надта зачапіў голас Біла, да таго ж — знешнасць, яны заўсёды былі такія незвычайныя красаўчыкі. Я аддала за квіток больш за мільён, гатовая была б аддаць і больш — гэта куміры дзяцінства, пайшла б на іх канцэрт за любую суму.
Насця, Аліна, Віка: "Не прыйшлося доўга чакаць"
Надта пашчасціла, што палюбілі іх толькі два гады таму — не прыйшлося чакаць канцэрта надта доўга. Ніколі ў жыцці эма не былі, не абавязкова адносіцца да субкультуры, каб любіць гурт.
Аня і Філіп: "Бацька прыйшоў за кампанію"
У дзяцінстве слухала і марыла трапіць на канцэрт. Пасля на некаторы час забылася на іх, а тут даведалася пра канцэрт — не магла не прыйсці. Надта любіла і песні, і саліста. Вось прыцягнула з сабой бацьку, але ж песні перад канцэртам вучыць ён адмовіўся.
Юля і Ангеліна: "У французскім класе немцаў лічылі за фашыстаў"
Юля. Яны сталі больш дарослымі, мы сталі больш дарослымі, яны разумеюць, чаго хоча публіка, а мы ведаем, што яны не падвядуць. Галоўнае, каб не атрымалася як у Кіеве — там нейкая дзяўчынка кінулася на Біла, сарвала яго цэпы і знікла. Большасць з прысутных — фанаты, якія слухаюць Tokio Hotel ужо гадоў дзесяць, досыць дарослыя людзі, якія з павагай адносяцца да гурта і вядуць сябе адпаведна.
Ангеліна. Аднакласнікі, даведаўшыся, што слухаю Tokio Hotel, адбіралі ў мяне закладкі і календары з іх выявамі. У маім класе ўсе вучылі французскую мову, а немцаў лічылі за фашыстаў.
Уладзіслаў і Саша: "Нават цяжка гаварыць"
Улад. Люблю гурт з 2006 года, мне нават цяжка гаварыць, настолькі я ўсхваляваны тым, што хутка пабачу куміраў. Мае любімыя песні — "Schrei" і "Scream". У гэтым гурце чапляе ўсё — і тэкст, і вобраз, і эмоцыі.
Саша. Даведаўся, што канцэрт у Мінску і з таго часу надта жыве ў чаканні. Улад пазнаёміў мяне з гэтым гуртом і я іду за кампанію.
"Яны не расчаруюць"
Нават не думала, што аднойчы яны прыедуць, люблю іх песні, гляджу ўсе кліпы, упэўненая, што канцэрт не расчаруе. Усе становяцца дарослымі, змяняюцца, гэта нармальна, таму не баюся, што пабачу сваіх куміраў не такімі, якімі яны былі ў маім дзяцінстве.
У гэты час у зале загаласілі і натоўп кінуўся да ўваходу. Карэспандэнт Sputnik паспяшалася выдаліцца, каб не быць залітай слязьмі захаплення.