Панаехалі: як беларуская моладзь выжывала ў вёсцы

© Photo : скрыншот праграмыПраграма "Панаехалі"
Праграма Панаехалі - Sputnik Беларусь
Падпісацца
Як прызнаюцца пазней стваральнікі рэаліці-шоу "Панаехалі", наша моладзь, як і ўсе беларусы наогул, вельмі хутка адаптуецца да новых абставінаў.

Юлія Ліж, Sputnik

Таму нават татальна гарадскія жыхары, якія не ведаюць, ці можна існаваць без вады і інтэрнэту ў хаце, ужо праз некалькі дзён адчувалі сябе на праекце ўпэўнена і бадзёра. Але ці было што-небудзь, што так і засталося для іх непераадольным? Пра гэта Sputnik запытаў у Васіля — суседа, які вучыў герояў капаць бульбу, араць зямлю і прыбірацца ў хаце.

Васіль Васільевіч Грынь, альбо па-суседску Васіль, — гаспадар  аграсядзібы "Засценак Скрыплеў", што знаходзіцца на правым беразе Заходняй Бярэзіны, у 90 км ад Мінска. Менавіта сюды прывезлі выжываць герояў. Умовы не экстрэмальныя, для некаторых нават "санаторныя", але выпрабаванняў гарадскім жыхарам хапіла.

Сам Васіль — мясцовы, родам з Маладзечна. Але з першых выпускаў праграмы стала зразумела, што вопыт у яго ёсць не толькі вясковы. У мінулым прафесійны турыст і інструктар, тры гады таму ён вырашыў вярнуцца да родных мясцін і купіў засценак. З таго часу ладзіць "агратурызм еўрапейскага кшталту", то бок сапраўднае жыццё на вёсцы.

Хата, у якой больш за два тыдні жылі ўдзельнікі шоу, — сапраўдная даўніна. Зараз гаспадар іх рэстаўруе, захоўваючы пры гэтым дух часу. Ці не боязна было пускаць маладых хлопцаў і дзяўчат у свае валоданні? "Ну, трохі яны нашкодзілі, але мы ўжо адрамантавалі ўсё," — прызнаецца Васіль.

© Photo : скрыншот праграмыПраграма "Панаехалі"
Праграма Панаехалі - Sputnik Беларусь
Праграма "Панаехалі"

Як таго і чакалі стваральнікі шоу, у першыя дні героі былі цалкам дызарыентаваныя ў новых умовах. Васіль нават напісаў для іх інструкцыю наконт таго, што і як трэба рабіць у хаце. Напрыклад, зачыняць дзверы. Але гэтае простае правіла аказалася невыканальным. Іх пакідалі нараспашку, у хату заляталі мухі, ад якіх не было супакою ні героям, ні гаспадару.

"У нармальнай беларускай хаце ніводнай мухі летам няма," — тлумачыць Васіль. Не маглі гарадскія прывыкнуць і да таго, што праект праектам, але абутак пры ўваходзе ў хату трэба пакідаць за парогам, не заносіць пыл. "На самай справе, трэба было іх не на два тыдні, а на два месяцы адправіць у вёску, каб яны зразумелі, што пара неяк глядзець за сабой". Потым ужо пачалі прыбірацца, стварылі графік, але з мухамі і камарамі ўжывацца так і не навучыліся. "Куплялі ад спонсара нейкія прычындалы (знішчальнік насякомых — прым.), але навошта, калі трэба проста зачыняць дзверы".

© Photo : скрыншот праграмыПраграма "Панаехалі"
Праграма Панаехалі - Sputnik Беларусь
Праграма "Панаехалі"

Мухі і адсутнасць культуры хадзіць "на двор" (у прыбіральню) — гэта былі, як кажа Васіль, асноўныя бытавыя складанасці для герояў. Што датычыцца конкурсных іспытаў, першым успамінаецца самае, бадай, небяспечнае — дровы. Героям Васіль клапатліва падсоўваў акуратную асінку, каб было лягчэй шчапаць, але і гэта для многіх было складаным. У некаторых нават прыйшлося адбіраць сякеру. Не абышлося і без драпін.

Але амаль кожны, паспрабаваўшы накалоць некалькі дроў, ужо лічыў, што навучыўся гэта рабіць, што гаспадара, вядома, здзіўляла. Перашчапаць трэба кубоў дзесяць — тады можна нешта казаць, лічыць Васіль. Таксама і з зямлёй. Каб навучыцца араць, трэба рабіць гэта з дня ў дзень.

Ці навучыліся наогул чаму-небудзь героі ў плане вясковай працы падчас праекта? На думку Васіля — не: "Разумееце, навучыцца нечыму за час серыялу немагчыма. Але ён у нейкім добрым сэнсе апусціў герояў на зямлю, каб яны зразумелі шкалу каштоўнасці — што такое лёгка, што такое цяжка. Таму што чалавек жыве ў доме, уключыў газ — і цёпла ў батарэі, а для таго, каб шанаваць штосьці, трэба разумець, чым яно даецца. Тут, на вёсцы, і шмат дзе на Беларусі, цяпло даецца ад ручной працы, ад дроваў, якія трэба нарыхтаваць, папіліць, прывезці і гэтак далей".

Але было нешта, што герояў насамрэч кранула. Сама вёска. Некаторыя нават і пасля праекта вяртаюцца на хутар, завітваюць у госці.

© Photo : скрыншот праграмыПраграма "Панаехалі"
Праграма Панаехалі - Sputnik Беларусь
Праграма "Панаехалі"

Вельмі здзівіла Васіля тое, што ў Беларусі ўжо вырасла цэлае пакаленне, якое ніколі не было на вёсцы. Яны яе бачаць, спажываюць і мяса, і гародніну, і садавіну, але не атаясамліваяюць сябе з тым, каб жыць і працаваць на гэтай зямлі. Рэаліці-шоу — гэта толькі спроба пажыць "як на вёсцы". І тое, што нават такі ўзровень, пад прыглядам здымачнай каманды, быў для герояў ужо іспытам, паказвае каласальны разрыў паміж урбакультурай і вёскай, які існуе цяпер у краіне.

Але ж Беларусь — гэта вёска. Вясёлая, прыгожая, чыстая. Гэта наш стыль: "Ёсць вельмі каларытныя краіны, для якіх сялянскі стыль стаў брэндам: Аўстрыя, Фінляндыя, Швецыя. І я бачу, на прыкладзе нават уласнай сядзібы, што людзям гэта цікава. І менавіта гэта трэба падымаць. Таму мне ідэя праекта вельмі спадабалася. Гэта добры выклік для ўсёй беларускай моладзі".

© Photo : скрыншот праграмыПраграма "Панаехалі"
Праграма Панаехалі - Sputnik Беларусь
Праграма "Панаехалі"

Што трэба выхаваць у сабе маладому чалавеку, каб жыць на вёсцы? Васіль дае апошнюю параду на развітанне: прыбраць гардыню. Расплюшчыць вочы, адкрыць вушы — і слухаць, што табе гавораць. Вучыцца, паўтараць, не пярэчыць тым, у каго ёсць вопыт. Гэта і па жыцці някепска будзе.

Здымкі рэаліці-шоу ўжо завяршыліся, зараз праграма выходзіць на тэлеканале "Беларусь 2" па суботах. Але пераможца яшчэ не вызначаны: выбіраць яго будуць гледачы, зыходзячы з уласных перакананняў і каштоўнасцяў.

Стужка навiн
0